Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 26

Ніл Гілевіч

Чуючы такі ўстрывожаны бацькаў голас, Ніна глядзела на яго спалоханымі вачыма, а што сказаць — не ведала. Маўчала і мачыха. А потым — азвалася:

— То, можа, сюды яны не прыйдуць?

— Не павінны. Хоць армія ў Гітлера вельмі моцная. Амаль жа ўсю Еўропу заваяваў.

Памаўчаўшы, сказаў:

— Я вось што рашыў, Ліда: трэба адвезці цябе з дзецьмі ў Гаравец, да тваіх бацькоў. Бо калі раптам мяне мабілізуюць — усё роўна заставацца табе тут адной нельга, бо не справішся без дапамогі. Так што збірай манаткі, складайся. Я пайду да старшыні, дамоўлюся наконт каня, можа, заўтра і выедзем.

У Гаравец, на радзіму мачыхі, — а гэта на другім краі раёна, кіламетраў за трыццаць, — выехалі назаўтра перад абедам. Ніна раней у Гараўцы не была і ў дарозе трохі хвалявалася: а якія яны, тыя бацькі Ліды Паўлаўны, як яны яе прымуць і як яна будзе ў іх жыць? А якія там вясковыя дзеці — ці пасябруе яна з імі?.. Апоўдні былі ўжо там — у невялікай утульнай вёсачцы, аточанай балоцістай лугавінай, апаясанай плыткай рачулкай, парослай кустамі. Спакой і цішыня панавалі ў наўколлі, і цяжка было паверыць, што недзе на гэтай зямлі ўжо ваўсю грыміць і палыхае агнём вайна. Праўда, пакуль ехалі, колькі разоў бачылі, як на захад праляталі самалёты, а пры пераездзе шашы давялося пачакаць, пакуль прамчыцца паток грузавікоў з ваеннымі ў кузавах. I тата гаварыў пра вайну, і абураўся вераломствам ворага, і Ніна прагна лавіла і ўбірала ў сябе кожнае яго слова. I радавалася, што яму як дырэктару школы дадзена адтэрміноўка — гэта значыць на фронт пакуль што не забяруць.

З пытання пра вайну пачалася і сустрэча з бацькамі мачыхі — ужо на вуліцы, каля ўрослай у зямлю хаціны, дзе Іван Рыгоравіч сказаў возчыку спыніцца. З падворка без варот і весніц выйшлі старыя — дзед і баба маленькага крыклівага Жоры.

— Вось гэта — дзед Павал, а гэта — баба Ева, — сказаў, павярнуўшыся да дачкі, што спрытна саскочыла з возу, Іван Рыгоравіч.

— Добры дзень, — падкрэслена павіталася Ніна. Але ў адказ нічога не пачула. Увогуле ёй здалося, што на яе не звярнулі ўвагі. Баба Ева адразу ж, са словамі: «Ну дай жа мне яго, дай гэтага разбойнічка!», прыняла з рук дачкі Жору. А дзед Павал наблізіўся да зяця і ціха спытаў:

— Што самае новае ты ведаеш, Іван? Можа, адагналі немца за граніцу? Бо нам тут, у гэтых кустах, ніхто нічога не кажа. Вайна, вайна, а дзе яна, тая вайна, ці яна і сюды прыйдзе, ці яе астанавілі?..

— Нічога пэўнага не ведаю і я, — адказаў Іван Рыгоравіч. I дадаў: — Усё можа быць. Можа стацца, што прыйдзе і сюды. Як нашы генералы ўмеюць ваяваць — паказала вайна з фінамі.

Гэтага апошняга Ніна не зразумела, у думках яе нешта не спалучылася. З размоў дарослых і з піянерскіх газет яна ведала, што белафінаў Чырвоная Армія разграміла і адкінула далёка ад Ленінграда, які яны хацелі захапіць, а тут, у словах таты, як бы нейкі намёк на іншае?

Пасля таго, як былі перанесены ў хату рэчы, Іван Рыгоравіч запрасіў і Ніну: