Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 29

Ніл Гілевіч

I Ліпа пачала бацьку расказваць. Скарыстаўшыся гэтым, Ніна кранула маці за руку і дала знаць вачыма, што хоча ёй нешта сказаць па сакрэце. Маці крыху нахілілася да яе і пачула: «Мама, давай мы папросім тату, каб і ён пайшоў з намі...» — «От, выдумляеш! — ціха буркнула маці. — Вунь, крыж ужо, будзем развітвацца...»

Так, яны падыходзілі да крыжа, зусім нядаўна пастаўленага на ўскраіне вёскі, дзе дарога дзеліцца на дзве — направа і налева. Высокі дубовы крыж, павязаны белым ільняным рушніком, укапалі тут па прыходзе немцаў з патрабавання старых набожных кабет — каб вайна, з Божай волі, не прынесла ў Гаравец бяды-гора. Першай спынілася маці.

— Усё, развітвайцеся, — сказала.

Іван Рыгоравіч паклаў каля крыжа хатуль, па чарзе абняў і пацалаваў дачок. Першай — меншую.

— Да пабачэння, Ніна. Даруй, што табе было часам кепска ў мяне. Даруй, дачушка. I будзь малайчынай.

— Да пабачэння, Ліпа. Глядзі ж — не давай у крыўду Ніну, памагай ёй. I сама трымайся з годнас-цю, ты ўжо вялікая...

— Ну, шчасліва, — кіўнуў галавой Марыі Захараўне, якая тым часам падняла з долу і закінула за плячо Нінін хатуль.

— Шчасліва, — гэтаксама кіўнуўшы, адказала Марыя Захараўна.

I пайшла. За ёй — Ліпа. За Ліпай — Ніна. Ступіўшы два крокі, Ніна рэзка павярнулася і кінулася бацьку на грудзі, абшчапіла за шыю рукамі і доўга не адпускала, і плачучы прыгаворвала: «Татачка! Я люблю цябе, татачка! Ты вяртайся да нас, вяртайся!» I глянула яму ў твар, і ёй стала яшчэ балючэй: у бацькі торгаліся і крывіліся вусны, а з вачэй каціліся па шчоках слязіны.

Праз кожныя дзесяць-пятнаццаць крокаў дочкі азіраліся: бацька, засланяючы сабою крыж, стаяў там жа — высокі, зграбны, у цёмных штанах і белай кашулі. Яны махалі рукой яму, а ён — ім. I так было шмат разоў; памахаўшы, яны даганялі маці, а потым прыпыняліся і азіраліся зноў. I зноў махалі.

— Мама, ён усё яшчэ стаіць там, каля крыжа, — сказала Ніна.

Маці нічога не адказала.

Нарэшце дарога пачала загінацца за бярозавы гай, за якім вёскі ўжо відаць не будзе. Вёскі і крыжа на ростанях. I яго — каля крыжа. Ніна і Ліпа зразумелі гэта, і азірнуліся ў апошні раз, і доўга махалі яму, а ён — ім, і ўсё заставаўся на месцы. Убачыўшы, як далёка адышла маці, сёстры кінуліся яе даганяць.

Усё! За дрэвамі цяпер ужо яны яго не ўбачаць. Усё...

Убачыць бацьку ім не давядзецца ўжо ніколі. Пасля вызвалення Беларусі ад немцаў даведаліся, што напрыканцы таго лета, ці мо ў самым пачатку восені, ён пайшоў з дому і не вярнуўся. Нібыта сказаў, што павінен праведаць недзе ў суседнім раёне радню, а каго і дзе дакладна, — не сказаў. Ніхто са сваякоў і добра знаёмых ні тады, ні пазней яго не бачылі. I ўжо дарослыя пасля вайны дочкі ніякага следу аб ім адшукаць не змаглі. Прапаў без вестак. Але і гэткага дакумента ім ніхто не выдаў.

Прайшоўшы вёрст сем-восем, яны прыселі на колькі хвілін адпачыць. Да Мурожніцы ім ісці два поўныядні, начаваць будуць апаўдарогі, у Стайках, у далёкай радні па дзеду Захару. Адпачынку яшчэ магло б і не быць, але яго ненаўмысна справакавала Ніна: