Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 30

Ніл Гілевіч

— Ой, мама, Ліпа! Вы ж не ведаеце, якога мне тата купіў матэрыялу на сукенку, калі мы былі ў Віцебску! Мамачка, развяжы хатуль, я вам пакажу. Ен там спадыспаду, пад адзеннем. Ой, як ён мне падабаецца! Такі яркі цёмна-бардовы. Прыгожы-прыгожы!

Маці не хацелася тут, пры дарозе, распакоўвацца, але цікаўнасць перамагла. I яны прыселі на мурожнай узбочыне, і маці развязала хатуль. I бацькавага падарунка ў ім не аказалася. Перабралі кожную рэч — няма!

— Можа, забыліся пакласці? — глянула Марыя Захараўна на абмерлую ад страшнай здагадкі Ніну. — Вываліцца ж ён не мог, хатуль увязаны.

— Яна ўкрала яго! Яна ўкрала! — затрэслася ад плачу Ніна. — Мы з татам паклалі яго на самы ніз, каб не пакамечыўся. Яна ўкрала яго!

— А яна памагала вам складацца?

— Памагала, нават і хатуль звязвала. Тата пайшоў за шафу пераапранацца, а мне яна сказала схадзіць у агарод — вырваць тры агуркі ў дарогу... Мамачка, давай вернемся! Мамачка!

— Каб раней агледзеліся, яшчэ за вёскай... А столькі прайшоўшы, — скрушна прамовіла Ліпа, аднак жа паглядзела на маці: а можа, яна прыме рашэнне — вярнуцца? Гнеў у сясцёр быў такі полымны, што яны гатовы былі кінуцца бегма назад.

— Не ўжо, мае дзеткі, — уздыхнула Марыя Захараўна. — Хай ёй спатрэбіцца на... — Пахітала галавой і пагардліва дагаварыла: — Гэта ж трэба: у дзіцяці бацькаў падарунак украла!..

Разумная дзевачка

Мінуў тыдзень, як Ніна жыве ў Мурожніцы. Адразу ж аднавіла сяброўства з дзяўчаткамі-равесніцамі, якіх больш за два гады не бачыла. Найперш — з Веркай і Клаўкай, дужа ж яны горнуцца да яе, аж наперабой стараюцца завалодаць яе ўвагай. Можа, яшчэ і таму, што адчулі: Ніна трохі нейкая не такая, як яны, трохі розніцца. Апранута, праўда, зусім не багата, у паркалёвае, але ў крамнае, а, напрыклад, у Веркі спаднічка кужэльная, даматканая. А яшчэ — і кофтачка, і сарафанчык у Ніны надзіва чыстыя, вы-мытыя, і яна пільнуецца, каб не запэцкаць іх. Далі дзеці спелых вішань — дык костачкі асцярожна выплёўвае сабе ў жменю, а не так, як усе і хлапчукі, і дзяўчынкі: чым далей костачка з роту паляцела — тым лепш, тым болын гонару. А яшчэ і падстрыжана Ніна пад хлопчыка. У іх — у каго доўгія пасмы ці коскі на шыі, а ў яе — хлапечая грыўка спераду, прыгожа зачэсаная набок.

Гаворыць Ніна гэтак жа па-вясковаму, як і яны, але зноў жа — як бы трохі і не гэтак. Калі Верка абачліва яе засцерагла: «Не ступай тут, у курынае г... ўлезеш!», — Ніна яе тут жа паправіла: «Так гаварыць няможна, трэба гаварыць: курыны памёт». Так вучыў яе колісь тата, тлумачыў, што казаць грубыя словы — гэта вельмі дрэнна, што культурныя, паважаныя людзі так не робяць. I яна гэта помніла. Яна і ў Замчышчы чула — і ад дарослых, і ад дзяцей — шмат грубых і зусім брыдкіх слоў, але сама не дазваляла сабе іх ніколі, дзяцей жа часта і папраўляла.

— Нінка-а! Хадзі ў мячыка гуляць! — даляцела праз адчыненыя вокны ў хату. Клікала Верка. У яе быў досыць ладны, як вялікі яблык, скачаны з каровінай нільсці, мячык. Гумовых мячыкаў тады ў вёсцы не было, і дзеці карысталіся самаробнымі — з пільсці. Вясной, калі каровы лінялі, гэтую пільсць саскубвалі з іх бакоў і клубоў жменямі, яна лезла лёгка — сама прасілася, і каровам гэта саскубанне падабалася — не было так, як у старым «кажуху», горача. Вядома, гэтакі мячык, у адрозненне ад гумовага, быў зусім няпругкі, не адскокваў ад зямлі, і аднак жа радасці малым прыносіў нямала.