Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 25

Ніл Гілевіч

Ад моцнага крыку Ніна ахрыпла і, дабегшы да лесу, ужо не крычала, а плакала — голасна, заходзячыся, задыхаючыся. На ўзлеску і пачула, што яе гукае тата. Азірнулася: так, тата імчыцца на веласіпедзе! Параўнаўся, шпурнуў веласіпед на абочыну і падхапіў дзяўчо на рукі, як некалі малую.

— Ніна! Дачушка! Крывіначка мая залатая! Што з табой? Куды ты бяжыш, родненькая мая?..

— Туды, — паказала рукой Ніна. — Да мамы... Я хачу да мамы! Татачка! Завязі мяне ў Мурожніцу! Завязі! Яна засекла яго! Яна засекла!..

— Завязу, дочачка, завязу, вось кончыцца вучэбны год — і я завязу цябе. Абавязкова. Даю слова гонару. А галубка куплю табе другога, не плач.

Іван Рыгоравіч пасадзіў уцякачку перад сабой на раму веласіпеда і павёз дадому. Яшчэ на падворку, каля ганку, пачуў, як енчыць-крычыць Ліда Паўлаўна. Ускочыў у хату, падбег да ложка, на якім яна ляжала дагары, выпінаючыся і сцягваючыся ад болю, і ўсё зразумеў.

— Кліч скарэй бабку, — прагаварыла. — Пачынаецца... У бальніцу не паспеем...

Праз паўгадзіны суседка-бабка прыняла ў парадзіхі хлопчыка — на шчасце, здаровенькага і ладнага.

— Брацік у цябе паявіўся, — сказала павітуха Ніне, калі ёй нарэшце дазволілі зайсці ў хату.

Незвычайная падзея — прыход у жыццё новага чалавека — дапамагла Ніне лягчэй перажыць тое жахлівае, што адбылося. Малы аказаўся крыклівы і галасісты, і яго часты плач Ніна не магла чуць спакойна, ёй здавалася, што яму нешта моцна баліць, і яна шкадавала яго.

Крыж на ростанях

Тою сонечнай чэрвеньскай раніцай позна, як заўсёды ў нядзелю, паснедаўшы, Ніна збіралася збегаць з сяброўкамі на ўзлесак — паглядзець, ці не даспелі першыя суніцы, якія ўжо, бачыла сама, пачалі чырванецца. Але мачыха затрымала — загадала пакалыхаць у калысцы сваё крыклівае малое. Хлопчыка, па настаянню маці, назвалі Жорам — надта ж ёй падабалася гэта імя; казала, у іх вёску з Ленінграда прыязджаў далёкі сваяк іхніх суседзяў Жора — чубаты, залатазубы малады мужчына, проста пісаны прыгажун. Ну вось і пакіравалася гэтым ідэалам. Іван Рыгоравіч ад яе выбару ў захапленне не прыйшоў, хутчэй наадварот, але спрачацца не стаў: Жора дык Жора, хай будзе так, як яна хоча. Зрэшты, Георгій — у святцах імя адно з самых пашанотных...

Ніна патроху прывыкла да немаўляці, углядалася ў яго тварык, калі ён спаў, і хлопчык здаваўся ёй усё больш сімпатычным, пранікалася пачуццём шкадавання, калі ён голасна плакаў. Цяпер яна пачала паціху калыхаць яго ў падвешаных на вяроўках ночвах і суцішаць песенькай, якую неаднойчы чула ў тых сем'ях сваіх сябровак, дзе былі малыя дзеці. «Люлі, люлі, люлі, прыляцелі куры, селі на варотах, у чырвоных ботах, сталі сакатаці, што курачкам даці? Ці жменю ячменю, ці гароху троху?..» I як надзіва — няўжо ад яе пяшчотнага голасу? — Жора хутка супакоіўся і заснуў. Якраз тады, калі ў хату зайшоў бацька. Зайшоў ён, было бачна, у нейкім моцным узрушэнні.

— Страшная навіна, Ліда: вайна пачалася. Германія аб'явіла нам вайну. — Павярнуўся да Ніны і сказаў, нібы дарослай, тое самае. — Вайна пачалася, дачушка. На нашу краіну напалі немцы. Сёння на досвітку...