Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 23

Ніл Гілевіч

У травені, перад самым заканчэннем трэцяга класа, Ніна пабывала з татам у Віцебску. I там яе напаткалі адразу дзве радасці. Па-першае, тата купіў адрэз прыгожай цёмна-бардовай фланелі на сукенку, на восень і зіму, хадзіць у школу. Ах, якая прыгожая тканіна, якая будзе сукенка! Ніна ўявіла, як яна зойдзе ў клас у такой цудоўнай абнове і як ёй будзе радасна, і ўсе будуць глядзець і зайздросціць, што ў яе такі тата — такую сукенку справіў. А па-другое, дзеці татавага сваяка, да якога яны заходзілі ў госці, на ўскраіне горада, падарылі Ніне голуба — дзівоснага прыгажуна турмана, светла-рабенькага, у чорнай «камізэльцы», з вялікімі круглымі вочкамі і кароткай дзюбкай. I такога рахманага, прыручанага, даверлівага. Татаў сваяк не быў заядлым галубятнікам, але любіў гэтых ласкавых свойскіх птушак, і ў яго двары іх было многа, бо і дзеці вельмі любілі вазіцца з імі.

Дзецям спадабалася прыгожая мілая дзяўчынка з вёскі, і ім захацелася зрабіць ёй на ўспамін такі незвычайны падарунак. Бацька ахвотна падтрымаў іх жаданне, пабачыўшы, з якім захапленнем яна глядзела, аж пляскала ў далонькі, калі ён паклікаў сваіх гадаванцаў да сябе на пачастунак. Як жа было не ашчаслівіць такую сімпатычную госцю, дачку сябра-настаўніка жывым падарункам!

Дадому Ніна прывезла голуба ў накрытым радзюжкай лазовым кошыку, — у тым самым, у якім ён жыў пад паветкай у былога гаспадара. Яе радасці не было мяжы. Нават забылася на ўсе неспакойныя скрушныя думкі. Амаль цэлы дзень, па прыездзе, бавілася з гэтым крылатым навасёлам, карміла хлебнымі крошкамі, налівала вадзіцу ў сподак і вучылася клікаць яго да сябе: вуль-вуль-вуль-вуль-вуль! Так было і на другі дзень, і на трэці, і цэлы тыдзень. А потым сталася трагедыя.

Зусім не пудкі, ласкавы птах ішоў да дзяўчынкі на рукі, садзіўся на прыпале, ляцеў на яе голас. Але з першых хвілін першага дня не ўзлюбіла голуба мачыха — можа, якраз таму, што бачыла, колькі радасці і ўцехі ён дорыць падчарыцы. «Нашто ты, зараза, яго прывезла? Начорта ён нам!» — Ніна чула гэта па некалькі разоў на дзень. Аднойчы, калі мачыха пайшла па нейкай патрэбе да суседзяў, дзяўчынка прынесла голуба ў хату і, забыўшыся на небяспеку, пачала яго частаваць хлебам. На няшчасце, мачыха зусім хутка вярнулася і заспела Ніну за гэтым «злачынствам». Ліда Паўлаўна як бы толькі гэтага і чакала і імгненна прыйшла ў лютасць: «У хаце?! Можа, яшчэ на стол пасадзіш?!..» Цяжкай грузнай хадой, але шпарка падышла да Ніны і так злосна раўнула «аддай!», што дзеўчанё тут жа працягнула ёй сціснутага ў далонях голуба. Але тая брала яго няспрытна, і голуб вырваўся з яе пальцаў і, зрабіўшы паўкруга пад столлю, сеў на шафе. «Заб'ю!» — закрычала мачыха, схапіла ў качарэжніку чапялу і на вачах у аслупянелай ад жаху Ніны замахнулася на голуба. Бедны птах, вядома ж, не стаў чакаць, пакуль чапяла пераломіць яму косці, і кінуўся ў акно, не разумеючы, што той свет-паратунак, які ён бачыў і ў які хацеў вырвацца, адгароджаны ад яго шклом, і ўдарыўся ў шыбіну, але не разбіў, а ссунуўся па ёй на падваконнік. Пры гэтым зачапіў крыламі і перакуліў вазон — высочанькі малады фікус, гліняная вазонніца пакацілася, бразнулася аб падлогу і раскалолася на кавалкі, сам фікус пераламаўся. «А-яй! — закрычала мачыха. — А-яй, што яна нарабіла!» Голуб сядзеў на падваконніку, развёўшы ўбакі крылы, уткнуўшыся дзюбкай у шкло. Мачыха кінула чапялу на падлогу і памкнулася да вакна, каб злавіць праклятага віноўніка бяды. Аднак яе апярэдзіла насмерць перапалоханая ад усяго, што здарылася, Ніна, і абшчарэпіла голуба далонькамі, і прытуліла да грудзей, і вачыма, поўнымі мальбы аб літасці, глядзела на мачыху. «Аддай!» — яшчэ страшней, чым першы раз, раўнула Ліда Паўлаўна і працягнула рукі да птаха. «Не дам! Не дам! Не дам!» — запрымаўляла, круцячы галавой, Ніна. Але мачыха схапіла голуба за стуленыя лапкі і сілком вырвала яго з рук дзеўчаняці. I той жа грузнай, але шпаркай хадой пайшла праз адчыненыя дзверы ў сенцы, з сенцаў — у двор. Ніна — моўчкі — следам. Хацела нешта закрычаць, але словы не паслухаліся, захраслі. Убачыла, як мачыха з голубам у руцэ звярнула пад паветку. Нібы прадчуваючы нешта страшнае, нясмела, замаруджваючы хаду, падалася туды і яна. I ўбачыла... Тое, што ўбачыла Ніна, будзе ёй прыгадвацца і мярэшчыцца ўсё жыццё. Трымаючы левай рукой за лапкі, мачыха паклала голуба на край калодкі, на якой Іван Рыгоравіч сек дровы, і на вачах у Ніны гакнула тапаром па шыза-дымчатай шыйцы. Паглядзела дзікім вар'яцкім паглядам на дзяўчынку і кінула ёй пад ногі акрываўленую птушку, што яшчэ торгалася канвульсіўна крылкамі. Ніна на імгненне аслупянела ад жаху, а тады закрычала немым крыкам і кінулася бегма прэч. Вылецела на вуліцу, але пабегла, гэтак жа крычучы, не туды, дзе школа, дзе тата, а ў процілеглы канец. Яна крычала так страшна, што, пачуўшы яе, людзі, найперш дзеці, выскоквалі на вуліцу. Некаторыя аклікалі: «Ніна! Ніна! Чаго ты? Што з табой, Ніна?» — але яна іх не чула. Сёй-той з дзяцей спрабаваў пераняць яе, але яна вырывалася і ўсё з тым жа немым крыкам штосілы імчала далей, у канец вёскі.