Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 18

Ніл Гілевіч

— А хто ж гэта тут стукае? — спытала, расчыняючы дзверы, баба Хрысціна. — Нінка? Ты ж умееш адчыняць, чаго ж ты стукаеш?

Відаць, і дзіцячым розумам скеміўшы, што з ёю здарылася бяда, Ніна ў адказ ціха войкнула і заплакала.

— Я змерзла... Рукі змерзлі... I ногі...

Баба Хрысціна сцягнула з рук дзяўчаці рукавічкі і схапіла ў цёплыя далоні яе адубянелыя пальчыкі.

— Ай-я-я-яй! — заякатала адразу ж, усплянуўшы ў далоні. — Ай-я-я-яй! А дзіцятка маё, а як жа гэта сталася? Ты ж на кіно пайшла, а не на вуліцу!

— Не пусцілі ў кіно, — ужо зусім не стрымліваючы плачу, адказала Ніна. — Кіншчык усіх дзяцей прагнаў...

Хрысціна сцягнула з малой пальтэчка, потым, пасадзіўшы на ўслонік, валёначкі і замітусілася, войкаючы і божкаючы, па хаце.

— Зараз, дзіцятка, зараз буду лячыць цябе... На няшчасце, і бацькі няма дома...

Яна наліла ў медны тазік халоднай вады, некалькі конавак лінула ў ладную гліняную місу, тазік паставіла Ніне пад ногі, а місу — побач на ўслоніку.

— Апускай ногі ў ваду, дзіцятка, апускай, а рукі — во сюды, у міску. Ай-я-я-я-яй! Аж пасінелі! Во — плямамі пайшлі твае ручачкі! Абмарозіла, неразумненькая, абмарозіла! Як жа мне ўратаваць іх?!..

Чым больш Хрысціна гаварыла, тым мацней і жаласней плакала і енчыла Ніна — пальцы рук і ног пачало надта балюча калоць і ламіць. «Таму што ў вадзе», — здагадалася беднае дзеўчаня і хацела выняць далонькі з місы, але баба прыкрыкнула:

— Трымай у вадзе! Трымай і цярпі, а то без пальцаў застанешся! Некалі, помню, заечым тлушчам абмарожанае гаілі — самае лепшае лякарства, нават лепш за гусіны шмэльц памагае, але ж дзе ты цяпер таго тлушчу возьмеш. А вось шмэльц павінен быць у Якубіхі, яна трымае гусей. Схаджу да Якубавых, папрашу, калі яшчэ спаць не ўклаліся... Пасядзі, дзіцятка, я зараз вярнуся, толькі не вымай з вады рукі і ногі...

Хрысціна хуценька апранула кажух, накінула на галаву хустку і знікла за дзвярыма. Застаўшыся адна, Ніна заплакала галасней, — боль з кожнай хвілінай мацнеў, асабліва ў пальцах рук, трываць было проста немагчыма, такога болю яна ніколі не ведала. Баба Хрысціна вярнулася занадта скора — і ні з чым.

— Ці спяць ужо, ці ўсе на тое кіно сышлі — але ў вокнах цёмна, — ад парога паведаміла Ніне. — Заўтра раненька схаджу, а цяпер надзяру цыбулі на тарку і абкладу табе пальчыкі дзёртай цыбуляй — таксама памагае. Цярпі, дзіцятачка, цярпі!..

Яна абчысціла тры вялікія цыбуліны, узяла на заложніку тарку, спрытна сцёрла іх, і пазагортвала тую ружаватую кашыцу ў кавалачкі марлі. Потым завяла Ніну ў ложак і паабкладала абмарожаныя пальцы гэтым ядавіта-горкім і страшна пякучым лекам.