Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 17

Ніл Гілевіч

— Дзеці да чатырнаццаці гадоў — асвабадзіце памяшканне! Чулі? Давайце, давайце! Хуценька! Не чакайце, пакуль стану за шкірку выкідваць!..

I дзеці, перш за ўсё дзяўчаткі, падаліся да дзвярэй. Нічога не зробіш. Прасіліся, угаворвалі, ледзь не слёзна енчылі — не памагло. Кіншчыку, па ўзгадненні з дырэктарам школы, даў загад старшыня калгаса.

— Ну, а ты — што? Цябе не датычыць? — крануў кіншчык за плячо падлетка ў насунутай на лоб авечай аблавушцы, які зручна стуліўся сярод дарослых на ўслоне.

— А што — я? — незадаволена зіркнуў той з-пад аблавушкі. — Мне ўжо скора шашнаццаць!

— Табе — шашнаццаць? — перакрывіў, не паверыўшы, кіншчык. — Хлусіш, пашавэлак!

— Праўда, праўда! — заступілася за «пашавэлка» кабета, што сядзела перад ім. — Гэта ён ростам не выйшаў, а яму ўжо напэўна шаснаццаць.

— Ён ужо да Яўхімавай Нюркі ў сваты прыходзіў, а ты яго за пашавэлка маеш! — гукнуў мужчына з канца лаўкі, зарагатаў сам, і ўсе, хто пачуў, весела зарагаталі.

— Ну тады на вашу адказнасць, — прымірэнча пагадзіўся кіншчык. — А вы — пайшлі, пайшлі! Вам пара спаць, шантрапа, а не па кінах хадзіць!

«Шантрапа» — гэта і былі ўсе такія, як Ніна і яе сяброўкі. Выходзіць не спяшаліся, спадзяваліся: а раптам кіншчык злітуецца і дазволіць застацца. «О, каб быў тата! — пашкадавала ў думках Ніна. — Ён бы мяне пасадзіў побач з сабою, як тыя разы, бывала... I чаму ён якраз сёння паехаў? Так хочацца паглядзець кіно!..»

На дварэ тым часам пачаў крапчэць — нанач — мароз. Пасля цёплай хаты — Ніна гэта адразу ж адчула. Падумала пабегчы дадому, але самая кемлівая з сябровак Лідачка (гэта яна і наконт схованкі за комінам прыдумала) затрымала ўсіх нечаканай прапановай:

— Дзевачкі! А мы давайце праз акно паглядзім! Станем на прызьбе — і ўсё будзе відаць. Помніце, як вясной глядзелі?

— Дык гэта вясной, а цяпер... яно ж замерзлае!

— Не скрозь замерзлае, а толькі знізу. Нешта ўбачым...

I заядлыя малыя кіношнікі імпэтна паўскоквалі на прызбу і пачалі ўглядацца праз замерзлыя шыбіны, што там робіцца ў хаце і ці не пачалі пускаць кіно. Ніне дасталося месца скраю, яна ўткнулася тварыкам у шыбіну, левай рукой трымаючыся за ліштву, правай — за ніжнюю асадку рамы, і пачала ўглядацца, хоць кіно яшчэ не пачыналася. Неўзабаве адчула, як мароз заходзіць і ў рукавічкі, і ў валёначкі — і там і там пальцам холадна, але стаяла, бо баялася, што як толькі адыдзецца, то нехта захопіць месца, дзяўчынак каля вакна шмат. Спрабавала варушыць пальцамі, але гэта чамусьці слаба памагала, холад даймаў іх усё мацней, і нарэшце яны няйначай як перасталі слухацца яе. А тут загула ў хаце дынама — значыць, пачалося кіно, і ўсе дзяўчынкі прымкнулі да вакна. На жаль, праз замерзлую шыбіну нічога не было бачна, і Ніна з крыўдай у душы зразумела, што кіна яна не паглядзіць. Трэба ісці дадому. «Пайду ўжо я», — сказала хутчэй сабе, чым сяброўкам, і саскочыла з прызбы. I ўпала: ступні ног як адзервянелі і не слухаліся яе. Падымаючыся, адчула, што не слухаюцца і пальцы рук — нібы амярцвелыя. I аднак жа паднялася і, неяк няўклюдна ступаючы, як не на сваіх нагах, пасунулася на вуліцу. I датупала да хаты, а дзверы адчыніць не можа, — ніяк не націсне на слясак, каб падняць клямку, адзервянелыя пальцы зрываюцца. Трохі злякаўшыся, памкнулася пастукаць у дзверы кулачком, — баба Хрысціна пачуе і адчыніць, але далонька ў кулачок як трэба не згарнулася, і Ніна, стаўшы да дзвярэй упаўбока, пачала стукаць локцікам, — моцна, колькі было сілы. I гаспадыня пачула, і клямка бразнула.