Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 20

Ніл Гілевіч

— Не плач, Ніначка, не плач, — пагладзіў дзяўчынку па галаве бацька. — Чаго ж плакаць? Усё будзе добра.

Ніна перастала хліпаць, але засталася стаяць, як і стаяла, толькі яшчэ мацней сціснула вялікую бацькаву далоню ў сваіх шурпаценькіх маленькіх.

— Ну давай паздавоўкаемся! — зноў праскрыпела Ліда Паўлаўна і працягнула Ніне абсівераную кашчавую руку. — Павяўніся ж сюды, што ды адвяўнулася!

Ніна зрабіла гэта не адразу, а толькі пасля таго, як і тата сказаў:

— Ну павярніся, дачушка, павярніся!

Тады яна і адхіліла галаву ад татавага пінжака і падняла мокрыя вочы на тую, што будзе «за маму»; вусны яе торгаліся і крывіліся як ад болю, выгляд быў надта няшчасны. Добра, што бацька з вышыні свайго росту гэтага не бачыў і, можа, таму не ўсё разумеў, што робіцца ў душы яго дзіцяці, перад якім страшным выпрабаваннем апынулася яе маленькае сэрца.

Пацёршы кулачком вочы, Ніна падала жанчыне руку і, на яе картавае «зваствуй!», ледзь чутна, як праз не магу, вымавіла:

— Здрастуйце...

— Зараз я табе падавунак дам, я табе падавунак пвывезла, — бадзёра, амаль урачыста, сказала Ліда Паўлаўна.

Адышлася да ўслона, адчыніла куфэрак і дастала з яго падарунак: невялікую паркалёвую хусціну з шырокай сіняй каймой і ў такі ж сіні гарошак. Хустка Ніне не спадабалася — не той колер і не тыя ўзоры, яна любіла маміны хусткі — ружовыя ці светла-зялёныя і абавязкова квяцістыя. Ды такой бяды і з тым колерам і з узорам! Проста ёй не хацелася прымаць падарунак ад гэтай чужой незнаёмай жанчыны. Яна падняла вочы на тату і ўбачыла, як ён ёй хораша цёпла ўсміхнуўся. I яна ўзяла падарунак і хацела пайсці з ім да стала, за якім рабіла дамашняе заданне, але Ліда Паўлаўна затрымала.

— Пачакай, давай жа завяжам хустку! Жанчына спрытна завязала Ніне хусціну — ражкамі пад падбародак, і голасна сама сябе пахваліла: — Во як удачна выбрала! Як яна табе падыходзіць!

I Ніна зноў паглядзела на тату: ці праўда?

— Ой якая ты ў мяне прыгажуня! Ну, Ніначка, у такой хустцы на цябе ўсе хлопчыкі ў школе заглядацца будуць!

— Аво табе яшчэ і цукеркі, — сказала Ліда Паўлаўна і падала Ніне ладны кулёк «падушачак».

I Ніна зноў паглядзела на тату, як бы пытаючыся: браць ці не браць?

— Бяры, бяры, ты ж іх любіш, — даў ёй згоду бацька.

Ніна ўзяла і зноў выціснула з сябе «дзякуй», аднак настрой у яе не палепшыўся. Яна выйшла на ганак, села на верхнюю прыступку ўсходцаў і пачала смактаць начыненыя «мёдам» і выкачаныя ў цукры «падушачкі» — самы лепшы тагачасны ласунак вясковай малечы. «Падушачкі» былі смачныя, салодкія, а думкі Нініны — наадварот: горкія, тужлівыя, скрушныя. «Якая яна непрыгожая! Яна ж касавокая! I нос нейкі... выгнуты, яку качкі. Мая мама — у сто разоў прыгажэйшая!.. Мама! Мамачка! Я хачу да цябе! Нашто ты мяне аддала, мамачка! Я хачу быць з табой і з Ліпай! Я не хачу, каб за маму мне была гэтая... гэтая брыдкая чужая цётка!..»

Ніна брала з кулька, як у забыцці, «падушачкі», клала ў рот, смактала, разжоўвала і не чула, як паабапал яе кірпатага носіка коцяцца дробныя слязінкі.