Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

Асабліва зблізіліся мы з Нінай Іванаўнай, калі ў самым пачатку 80-х гг. нам давялося з ёю разам два гады запар удзельнічаць у прыёмнай кампаніі: ёй — у якасці старшыні прадметнай камісіі, мне — яе намесніка, прычым менавіта мяне яна выбрала сама. Вось калі пасябравалі па-сапраўднаму, хоць я, безумоўна, заўсёды ведала дыстанцыю і трымалася менавіта як вучаніца ў дачыненні да настаўніцы. Так яно і было. Паблізу Ніны Іванаўны я адчувала сябе ўпэўнена і навучылася не баяцца людзей. I ўвогуле яна надавала жыццю своеасаблівую прыгажосць, рабіла яго цікавым і нейкім больш бачным.

Ніна Іванаўна тады шмат распавядала пра сваё дзяцінства, юнацтва, студэнцкія гады, членаў сям'і. Я пераканалася, што ў яе — заўсёды такой вясёлай, гарэзлівай — жыццё было далёка не салодкае. Дзяўчынай яна вельмі цяжка фізічна працавала — магчыма, гэта і стала ў рэшце рэшт прычынай яе пакутлівай хваробы і заўчаснай смерці.

У розныя нюансы адносін паміж пісьменнікамі я пасвечанай не была. А Ніна Іванаўна цудоўна адчувала менавіта нюансы. Гэта былі ні ў якім разе не плёткі, а як бы ўвядзенне мяне ў вельмі спецыфічнае кола прафесійных і чалавечых узаемаадносін. Мне тады здалося, што сама Ніна Іванаўна магла б стаць нядрэнным пісьменнікам, бо яе цікавілі чалавечая псіхалогія і розныя дзіўныя стасункі паміж людзьмі. Пераканаўшыся, што я нікому нічога ніколі не перадаю, яна зрабілася яшчэ больш шчырая, даверлівая. Мне Ніна Іванаўна на многае адкрыла вочы, на такія рэчы, пра якія я ні да яе, ні пазней ужо не чула.

Ніна Іванаўна яшчэ з дыялекталагічнай практыкі ставілася да мяне з мацярынскім клопатам, і чым далей, тым болей.

Што ж тычыцца той праёмнай камісіі, падчас якой мы па-добраму пасябравалі, то Ніна Іванаўна ў адной надзвычай цяжкай і двухсэнсоўнай сітуацыі праявіла — як заўсёды — прынцыповасць, непахіснасць і мужнасць, і з таго часу яе старшынёй не прызначалі...

Чым далей, тым болып цэніш сваіх настаўнікаў, задумваешся пра іх ролю ў сваім жыцці, пра тое, што пакінуў кожны спадчынай у нашых душах. НІна Іванаўна — надзвычай мудрая жанчына, каларытная, своеасаблівая, як мала хто з нашых калег, асоба — ужо сваім існаваннем шмат што вызначыла ў жыцці тых, хто яе цаніў і любіў.

Т. I. Шамякіна

Калі гэтая светлая, узнёслая жанчына заходзіла ў аўдыторыю — колькі жыццёвай энергіі было ў ёй, як умела яна зацікавіць студэнтаў, прымусіць іх услухацца ў жыццядайную мелодыку старадаўніх слоў роднай мовы!

Сярод яе вучняў былі многія з тых, хто сёння таксама шчыруе на ніве роднай літаратуры і мовы. Я ганаруся тым, што таксама была сярод студэнтаў Ніны Іванаўны, таксама маю права падзякаваць ёй сёння як настаўніку.