Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 44

Ніл Гілевіч

Праз усё жыццё самае галоўнае яна мне гаварыла адной геніяльнай рускай песняй, дакладней—рамансам. У апошнія гады, як правіла, у выкананні Ганны Герман. Калі б ні злавіла па радыё гэты твор — уключала прыёмнічак на ўсю катушку, каб пачуў у сваім пакоі і я. Ведала, што я абавязкова зараз жа прыйду. Ніколі не было, каб я не прыйшоў. I мы слухалі разам. I калі заціхаў дзівосны нябесны голас спявачкі — доўга маўчалі.

Цяпер я слухаю, калі пашанцуе, гэты найсветлы гімн вернасці адзін. I заплюшчваю вочы, і бачу яе — бачу, як яна, гледзячы кудысь далёка-высока, уся святлістая, мройная, шчаслівая, паўтарае моўчкі несмяротныя радкі.

Гори, гори, моя звезда, Звезда любви приветная! Ты уменя одна заветная, Другой не будет никогда! Твоих лучей небесной силою Вся жизнь моя озарена; Умру ли я, ты надмогилою Гори, сияй, моя звезда!

2006-2007