Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

На жаль, не адбылося навуковай гаворкі ў сродках масавай інфармацыі. Склалася ўражанне: чакалі скандальчыка, хацелі "смажанага". Атрымалася некампетэнтнасць, нежаданне думаць і аналізаваць. Праўду сказалі толькі самыя дасведчаныя: прафесар Адам Мальдзіс ды Іван Саламевіч, энцыклапедыст. Сказалі вельмі далікатна і сціпла.

Былі такія ж апрыёрныя і бяздоказныя спробы прыпісаць аўтарства добраму паэту, але зусім іншай танальнасці, інакшага "рэгістру" — Міколу Аўрамчыку. Былі прыхільнікі погляду, што паэму пісалі ўдвух. Але ўсё гэта — эмацыйныя меркаванні, а не вынік навуковага аналізу. Пісаць твор такой дасканаласці і моцы брыгадным метадам, седзячы за сяброўскім сталом, — пралеткультаўскі пражэкт. Нават "патэтычную" эпапею "Вялікаму Сталіну ад беларускага народа" пісалі пяць паэтаў паасобку, кожны сваю частку, а разам "сшывалі" гатовыя гімны. Ролю М. Аўрамчыка ў падрыхтоўцы і распаўсюджванні машынапіснага тэксту паэмы дакладна акрэсліў Ніл Гілевіч у "Народнай волі". Аўтар "Сказа" выкарыстаў некаторыя факты, пачутыя ад свайго сябра-"лысагорца". Мабыць, абмяркоўвалі напісанае Н. Гілевічам. Гэта — натуральна. Так рабілі і даўней і нядаўна пісьменнікі папярэдніх пакаленняў. Але аўтар твора — той, хто стварыў арыгінальную паэтыку, стылістыку, паэтычную лексіку, сканструяваў кампазіцыі і сюжэты. Дарэчы, гісторыя айчыннай і сусветнай літаратуры ведае шмат выпадкаў легальнага выкарыстання чужых сюжэтаў, фабулаў — не тое што асобных эмпірычных фактаў. У аснове фабулы аповесці Л. Талстога "Смерць Івана Ільіча" — спавядальная гісторыя смяротна хворага пракурора тульскага акружнога суда Івана Ільіча Мечнікава, брата славутага вучонага Ільі Мечнікава, запісаная і перададзеная сябрамі Л. Талстога. У яго ж аповесці "Халстамер" выкарыстаны чарнавы сюжэт пісьменніка М.А. Стаховіча, перададзены Л. Талстому яго братам, конназаводчыкам А. Стаховічам. Балада Адама Міцкевіча "Свіцязь" пісалася на аснове народных паданняў, апрацаваных яго сябрам Янам Чачотам.

Такіх прыкладаў у гісторыі літаратуры багата. Я ўжо не кажу пра музыку, кінематограф, тэатр, эстраднае мастацтва: там шырока выкарыстоўваюцца сюжэты, кампазіцыі, вобразы, матывы пісьменнікаў, жывапісцаў, калегаў па музычнай або тэатральнай творчасці. Без прэтэнзіяў апошніх на сааўтарства. Нілу Гілевічу не спатрэбілася такая маштабная дапамога. Ён выкарыстаў эмпірычныя (а не мастацкія) факты з розных крыніцаў, у тым ліку і з вуснай інфармацыі М. Аўрамчыка. Як часта бывае ў вопытных паэтаў, рэальныя жыццёвыя факты выконваюць функцыю "штуршка", каб у канчатковым творы "зняць" эмпірыю, замяніць яе чыста мастацкімі малюнкамі, вобразамі, сюжэтамі, якія больш пластычна і больш адэкватна выяўляюць характары і тыпы герояў (або антыгерояў), чымся выпадковыя эмпірычныя факты штодзённасці.

Так сталася з гісторыяй "Сказа пра Лысую гару". Задуманы ў форме жарта, або "капусніка", ён хутка па волі аўтара трансфармаваўся ў твор універсальнага камічнага дыяпазону. Паэма — унікальная з'ява не толькі ў беларускім прыгожым пісьменстве. Застаецца пашкадаваць, што "адкрыццё" аўтара "Сказа" ўсё-такі спазнілася. Цяпер давядзецца зрабіць дапаўненні да адпаведных раздзелаў гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя.