Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 22

Ніл Гілевіч

2. Першае папярэджанне падробшчыкам Прабеглі дні, мінулі тыдні, Няўгледна месяцы імчаць, А нашы крытыкі, як злыдні, Пра мой праўдзівы сказ маўчаць. Вунь непісьменнага Аверку Дык неразумнай пахвалой Ужо засыпалі даверху - Ужо схаваўся з галавой. А што чакаць ад марнатраўцаў? Не знойдзеш праўды ні на грош - Ні ў тым, што пэцкае Кудраўцаў, Ні ў тым, што квэцае Ярош. Зацішша, сумнае зацішша! Пісакаў - пэўна, сотні тры. Але ці шмат з іх час запіша Хоць кандыдатамі ў майстры? О, Муза, Муза! Клёцкі ціскаць - Хіба на гэта трэба дар? Дакуль жа будзеш ты нам тыцкаць Пяцікапеечны тавар? Тварыць маштабна, моцна, ярка Табе ўжо сілы не стае. Ты - як базарная гандлярка, Што ўкроп пучкамі прадае. Я - паўтарацца не аматар, Але і змоўчаць не магу: Фальсіфікатар-плагіятар Рашыў падставіць мне нагу. Заўчора стала мне вядома, Што нейкі пэцкаль-абармот (Янкоўскі скажа: «Пустадомак!») Пусціў свае падробкі ў ход. Нікчэмнай зайздрасцю натхнёны, Пад стыль падладзіўшыся мой, Ён бэсціць добрыя імёны Бездапаможнаю хлуснёй. Катэгарычна пратэстую! Пакуль жыву на свеце сам - Я праўду чыстую, святую На глум паскудніку не дам! Няўжо ён думае, зламыснік, Што ў зман грамадскасць увядзе? Ды трыста раз ён дробна дрысне, А гэткай рэчы не складзе!.. Го, колькі ёсць іх, тарбахватаў, Таўстых кішкой, пустых душой, - Уласнай славы малавата, Дык смоллю ліпнуць да чужой. Ад гэткіх праўды не чакайце! Таму я вам і гавару: Чытайце, з розумам чытайце Мой «Сказ пра Лысую гару»! 1973 3. Другое і апошняе папярэджанне падробшчыкам Літаратуру і мастацтва, Што ўзносяць сэрцы да вышынь, Тысячаногі спрут мяшчанства У петлях хоча задушыць. А я ў камуны сімвал веру, Якому век не змізарнець, І тому спруту-ненажэру Я аб'явіў вайну на смерць. Вайна на смерць!.. А нейкі пэцкаль Пустыя смешыкі свае З дзяшовай прымессю эстэцкай За сказ мой гнеўны выдае. Таму хачу я папярэдзіць Апошні раз: канчай, махляр, Мазгі падробкамі вярэдзіць - Набудзь у працы ўласны твар! А ўсім даследчыкам я раю: Сядзіце, гніды падшчамя, І дайце дзякуй, што хаваю Сваё сапраўднае імя. Бо як на грудзі перад вамі Павешу ўвесь іканастас Ды калі бразну медалямі - Дык і кандрашка хопіць вас!.. А чытачам замест «бывайце», Як і раней, я гавару: - Чытайце, з розумам чытайце Мой «Сказ пра Лысую гару»! 1975