Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 77
Генрых Бёль
To былi выбарчыя плакаты — тое, што друкавалася цяпер, у звышурочныя гадзiны, на белай паперы; iх стосы завальвалi калiдоры, лесвiчныя каморы аж пад самы яго кабiнет; на кожнай пачцы быў наклеены плакат-узор: усе гэтыя добра апранутыя ўзоры ўсмiхалiся яму, нават на плакатах можна было разгледзець гарусныя нiткi ў iх гарнiтурах; грамадзянская паважнасць i грамадзянская ўсмешлiвасць патрабавалi даверу i аптымiзму; там былi маладыя i пажылыя, але маладыя рабiлi на яго яшчэ страшнейшае ўражанне, чым пажылыя; ён знакам, зробленым рукою, паслаў прыдзвернiка, якi хацеў запрасiць яго ў свой пакойчык — паглядзець раскошу кветак, разгарнуць тэлеграмы, ацанiць падарункi; ён сеў у таксi; дзверы машыны перад iм адчынiў шафёр.
— Калi ласка, у Дэнклiнген, у псiхiятрычную лякарню, — цiха сказаў стары Фэмель.
5
Блакiтнае неба, пафарбаваная сцяна, уздоўж якой таполi, нiбы перакладзiны драбiнаў, вялi ўгору i ўнiз на дзядзiнец, дзе прыдзвернiк змятаў лiсце ў равок з кампостам; сцяна была занадта высокая, прамежкi памiж перакладзiнамi — занадта вялiкiя; тры, чатыры крокi трэба было яму зрабiць, каб з адной трапiць на другую. Памалу! Чаму жоўты аўтобус павiнен ехаць гэтак высока ўздоўж сцяны, паўзцi каля яе, не раўнуючы як жук? Ён прывёз сёння толькi аднаго чалавека — яго. Цi гэта быў ён? Хто? Каб гэта ён караскаўся сюды, ледзьве дацягваючыся да чарговае прыступкi! Ды не: ён заўсёды хадзiў выпрастаўшыся, не згiнаючыся, не прынiжаючы сябе — адно што ўкленчваючы ў касцёле цi на стартавай дарожцы ён мяняў сваю паставу. Цi гэта быў ён? Хто?
На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскiм парку — старанна намаляваныя шыльдачкi: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: "На старт… увага… марш!" — i пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запiсваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным столiку ў садзе — i зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусiм крыху павялiчваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыi; часцяком праходзiла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў i яшчэ больш — пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, i запiсваў дасягнуты час у сшытак — 11,2. Гэта нагадвала фугу — дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцiнкi вялiкай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнiя адвячоркi, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскiм парку; старт — вяртанне; старт — малое паскарэнне — вяртанне; таксама яго тлумачэннi, калi ён сядаў каля яе, аналiзаваў i вытлумачваў запiсаныя ў сшытку лiчбы, хвалiў перавагi сваёй сiстэмы — усё гэта было адначасна хвалюючае i нуднае; яго трэнiроўкi папахвалi фанатызмам; гэтае дужае i зграбнае юначае цела пахла потам сур'ёзных высiлкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалi кахання; гэтаксама пахлi яе браты, Бруна i Фрыдрых, калi злазiлi са сваiх спартыўных ровараў, з галовамi, поўнымi лiчбамi кiламетраў, хвiлiн i секундаў, а пасля ў садзе давалi паслабу сваiм фанатычным цяглiцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткi пах iшоў ад бацькi, калi ён пад час рэпетыцый хору паважна напiнаў грудзi, калi дыханне рабiлася спортам, спеў не быў прыемнай забаваю, а складнiкам грамадзянскай павагi, аблямаванай салiднымi вусамi; яны сур'ёзна спявалi, сур'ёзна ездзiлi на роварах, мелi вартыя сур'ёзнай увагi цяглiцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргi прарысоўвалi брыдкiя фiялетавыя маланкi на скуры ног i шчок; яны гадзiнамi выстойвалi сярод халодных восеньскiх начэй, каб пастраляць па зайцах, якiя хавалiся за галоўкамi капусты, а ўрэшце на досвiтку выказвалi лiтасць да занямелых цяглiцаў, наважвалiся даць iм палёгку i беглi зiгзагамi сярод дробнага, як шрот, дажджу: "навошта-навошта-навошта?" Дзе быў ён той, хто насiў у сабе таямнiчы смех, схаваную ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружыну, што памяншала невыносны ўцiск, знiмала напружанасць; ён, той адзiны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, "Падступнасць i каханне"; яна нахiлiлася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзiў з брамы друкарнi; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярнi, маючы ў сабе таемны смех, нiбы спружыну; цi быў ён яе здабычай, цi яна была ягонай?