Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 79

Генрых Бёль

Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясi гарбаты, Гупэрц, — свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахiснаму, выпрастанаму, якi заўсёды жыў таямнiцамi, i цяпер у ягоных грудзях жыве таямнiца; яны бiлi яго, панявечылi яму ўсю спiну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямнiцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, якi прыгатаваў яму чорны порах у "Аптэцы пад Гунамi"; павiснуўшы памiж дзвюма драбiнамi, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзiны на перакладзiну; лунае ў паветры, распасцёршы рукi, нiбы Iкар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб гранiт. Гарбаты, дарагi Гупэрц, — свежай i моцнай, з малаком, але без цукру; i цыгарэт, калi ласка, для майго архангела: ён прыносiць мне змрочныя весткi, якiя пахнуць крывёю, бунтам i помстаю: яны забiлi таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькi разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькi тры разы; сваiмi зграбнымi рукамi ён направiў маленькi замочак у шкатулцы, у якой я захоўвала бiжутэрыю, чаго за сорак год не здолеў зрабiць нiводзiн майстар-слесар; ён адно дакрануўся да замочка — i ўсё было ў парадку; ён не быў архангел, а ўсяго толькi анёлак; хлопца звалi Фэрдзi, у яго былi светлыя валасы; неразумны, ён думаў, што можна, узброiўшыся адно хлопаўкаю, выходзiць на iх — тых, што пакаштавалi бычынага прычасця; ён не пiў нi гарбаты, нi вiна, нi пiва, нi кавы, каньяку, а проста падстаўляў рот пад струмень вады з крана i смяяўся; каб быў жывы, ён бы здабыў мне стрэльбу; альбо той, другi, цёмнавалосы анёлак, якому было забаронена смяяцца, брат Эдыт; яны звалi яго Шрэла, i ён быў з тых, каго нiколi не называюць па iмю, Фэрдзi б зрабiў гэта… ён бы заплацiў за мяне выкуп i выцягнуў бы мяне можа, з дапамогаю стрэльбы — з гэтага замка, у якiм я жыву нiбы заклятая; а так вось гэтае закляцце застаецца на мне; толькi па агромнiстых драбiнах можна выбрацца на свет Божы; вось мой сын спускаецца да мяне.

— Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцiнайся, калi я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сiвiзна на скронях, вузкiя нагавiцы i нябесна-блакiтная безрукаўка; цi не залiшне ўсё гэта кiдаецца ў вочы? Мажлiва, гэта i добра — хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялiкага начальнiка; усiм хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасцi, каб дазволiць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi; твая сiвiзна нiбы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку — зусiм як у чалавека, якi павiнен быў бы галiцца два разы на дзень, але робiць гэта толькi адзiн раз; спрытна зроблена; толькi чырвоны шнар застаўся такi самы, як i быў; па iм яны цябе, вядома, пазнаюць; цi няма i тут якога-кольвечы сродка?