Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 76
Генрых Бёль
Гоман быў ужо чуцён аж наверсе; праз дзесяць хвiлiн пасля таго, як перастала дрыжаць падаконне, работнiцы з усмешкамi выходзiлi з брамы, несучы сваю годную пачуццёвасць у вольны ад працы вечар; то быў адзiн з тых восеньскiх вечароў, калi трава пад мурам асаблiва пахкая; Грэцу не ўдалося сёння прадаць свайго дзiка, на рыле якога застыгла пацямнелая кроў; у зменнай раме была вiдна тэраса на процiлеглым даху: белы стол, зялёная драўляная лаўка, альтанка са стомленай квеценню настурцый; цi Ёзэфавы дзецi i дзецi Рут калi-небудзь будуць прагульвацца там, па тэрасе, чытаць "Падступнасць i каханне"; цi бачыў ён там калi Роберта? Hе, нiколi: Роберт сядзеў у сваiм пакоi, трэнiраваўся ў садзе; тэрасы былi занадта малыя, каб магчы там займацца яго вiдамi спорту: лаптою i бегам на сто метраў.
Я заўсёды трохi яго баяўся, чакаў ад яго чагосьцi нязвыклага, не здзiвiўся нават, калi той хлопец з апушчанымi плячыма наклаў на яго секвестр; каб я толькi ведаў, як звалi таго, другога, якi кiдаў у нашую паштовую скрынку маленькiя цыдулкi з весткамi ад Роберта; я так i не даведаўся пра гэта; i Ёганна нiчога не здолела выцягнуць з Фрэшэра; гэтаму хлопцу належыць помнiк, якi вы захочаце паставiць мне; я не наважыўся тады паказаць на дзверы Нэтлiнгеру i забаранiць гэтаму Вакеры заходзiць у Отаў пакой; гэта яны прынеслi бычынае прычасце ў мой дом, ператварылi хлопца, якога я так любiў, у нейкага чужанiцу… майго маленькага хлопчыка, якога я браў з сабою на будоўлю, на рыштаваннi. Таксi? Таксi? Цi гэта было таксi з 1936 года, на якiм мы з Ёганнай ехалi ў «Якар», у Верхнi Порт? Цi, можа, таксi з 1942 года, на якiм я вёз яе ў Дэнклiнген, у псiхiятрычную лякарню? Альбо таксi з 1956 года, на якiм мы з Ёзэфам паехалi ў Кiслiнген; я хацеў паказаць яму будоўлю, дзе ён, мой унук, сын Роберта i Эдыт, павiнен быў заняць маё месца; абацтва разбуранае, груда камення, пылу i друзу; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн, напэўна б, трыумфавалi, убачыўшы гэта; а я не трыумфаваў, убачыўшы ў 1945 годзе ўпершыню гэтыя груды руiнаў; у задуменнi я абышоў iх, пэўна, спакайнейшы, чым яны маглi ад мяне чакаць; цi яны чакалi ад мяне слёз, абурэння?
— Мы знойдзем вiнаватага.
— Навошта? — спытаўся я. — Пакiньце яго ў спакоi.
Я аддаў бы дзвесце абацтваў, калi б за iх мне вярнулi Эдыт, Оту цi таго чужога хлопца, што кiдаў цыдулкi ў нашу паштовую скрыню i мусiў так дорага заплацiць за гэта; i хоць гэты абмен не адбыўся, не быў прыняты, мяне цешыла, што я заплацiў хоць бы гэтым — грудаю камення, маiм "учынкам маладосцi". Я ахвяраваў гэта Оце i Эдыт, таму хлопцу i сталяроваму вучню, хоць ведаў, што iм гэта будзе нi да чога: яны загiнулi; цi, можа, гэтая груда руiнаў належала да таго непрадбачанага, якога я гэтак моцна прагнуў? Манахаў здзiўляла мая ўсмешка, а мяне здзiўляла iхняе абурэнне.
— Таксi? Я ўжо iду, Леанора. Hе забудзьцеся, што я запрасiў Вас: а дзевятай, у кавярнi Кронэра — вячэра з нагоды дня нараджэння. Шампанскага не будзе. Ненавiджу шампанскае. Забярыце там унiзе ў прыдзвернiка кветкi, цыгары, вiншавальныя тэлеграмы i, калi ласка, маё дзiця, не забудзьце апляваць мой помнiк.