Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 74

Генрых Бёль

Нейкую хвiлю ў светлым чатырохкутнiку дзвярэй быў вiдзён толькi стол, накрыты зялёным сукном, графiн з вадою, папяльнiчка, клубы блакiтнага дыму ад Кролевай цыгары; а ўнутры — цiша, не чуваць нават шэпту; у паветры вiселi выракi смерцi; нараджалася вечная варожасць; для Губрыха гэтая гульня магла мець сваiм вынiкам пашану альбо ганьбу; нiбы зацяты пяцiкласнiк, ён пакляўся сабе не дапусцiць, каб калi-небудзь яго напаткала ганьба, гэтая гульня магла мець вынiкам тую страшэнную прынiжанасць, якая б вынiкала з прызнання свайго пройгрышу перад архiбiскупам. "Ну, дык дзе Ваш труп, Губрых?" — спытаецца схiльная да гумару Яго прывялебнасць; для Кроля iшла гульня за вiлу на возеры Кома, якую яму абяцаў Брэмокель.

Сярод служак пачулiся шэпты: Мэйзер, сыкнуўшы, супакоiў iх. У дзвярах залы з'явiўся Швэбрынгер; ён быў малога росту, дробны; ён не проста лiчыўся непадкупным, але i сапраўды быў такi; насiў патрапаныя брыджы, зацыраваныя панчохi; галава ў яго была абстрыжаная дагала i мела чарнаватае адценне; у вачах-разынках таiлася ўсмешка; Швэбрынгер прадстаўляў грошы, кiраваў фундацыяй, створанай нацыяй; ён быў прадстаўнiком прамыслоўцаў i караля, але таксама i малодшага экспедыента, якi ўнёс дзесяць марак, i старую бабульку, што ахвяравала трыццаць пфенiгаў; Швэбрынгер меў адкрываць банкаўскiя рахункi, выпiсваць чэкi, кантраляваць рахункi, з кiславатай мiнаю прымаць задаткi; ён быў выхрыстам, яго патаемнай архiтэктурнай прыхiльнасцю было барока; даспадобы яму былi анёлы, што ляцяць у паветры, залачоныя крэслы ў ганаровых касцельных ложах, велiчныя амбоны, белыя лакiраваныя казальнiцы; ён любiў пах кадзiла, харавыя спевы хлопчыкаў. Швэбрынгер быў моцай: банкаўскiя кансорцыумы падпарадкоўвалiся яму, нiбы шлагбаўмы машынiсту; ён уплываў на курсы грашовых адзiнак, даваў загады сталёвым гутам; са сваiмi цвёрдымi цёмнымi вачамi-разынкамi ён выглядаў так, нiбыта iм ужо былi без усякага вынiку выпрабаваныя ўсе даступныя яму аблягчальныя сродкi, i ён чакаў, калi будзе вынайдзены напраўду эфектыўны сродак: Швэбрынгер узяў кiлiшак, не паклаўшы на спод грошай "на чай"; усяго за два крокi ад мяне стаяў ён, у сваiх брыджах i зацыраваных панчохах, падобны да прафесiйнага велагоншчыка, што выбыў з гонкi; раптам ён паглядзеў на мяне, усмiхнуўся, адставiў парожнi кiлiшак i адышоў у кут нiдэрландцаў, дзе яшчэ раней знiк Губрых; i Швэбрынгер не абдарыў пакрыўджаных нiводным словам.