Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 41

Генрых Бёль

— Hе, нi разу не бiлi. Я толькi вось вельмi хацеў бы даведацца, што такое — вайна, бо школу ж я мусiў пакiнуць, перш чым мне тое растлумачылi. А Вы ведаеце, што такое вайна?

— Ведаю.

— Вы былi на вайне?

— Быў.

— А што Вы там рабiлi?

— Мая спецыяльнасць была — выбухi, Гуга. Цi гэта табе што-небудзь гаворыць?

— Ну, бачыў, як падрывалi каменяломнi за Дэнклiнгенам.

— Якраз тое самае, Гуга, рабiў i я; адно што я падрываў не скалы, а дамы i цэрквы. Пра гэта я нiкому не расказваў, апроч маёй жонкi, але яна ўжо даўно памерла; таму цяпер нiхто пра гэта не ведае — нi мае бацькi, нi мае дзецi. Табе вядома, што я архiтэктар i, уласна, я быў бы павiнен будаваць дамы, але нiколi iх не будаваў, а толькi падрываў, i таксама цэрквы, якiя я яшчэ ў дзяцiнстве рысаваў на добрай рысавальнай паперы, бо я марыў будаваць iх, ды нiколi не будаваў. Калi мяне забралi ў войска, у маiх дакументах яны знайшлi звесткi, што я пiсаў сваю дыпломную працу па адной з праблем статыкi. Статыка, Гуга, — гэта навука, якая даследуе раўнавагу сiл, навука аб стане напружанняў i перамяшчэннi элементаў-носьбiтаў пад уздзеяннем пэўных сiл; не ведаючы статыкi, не пабудуеш нават негрыцянскай хацiны; а супрацьлегласць статыкi ёсць дынамiка, гэта назва нагадвае дынамiт, якi выкарыстоўваецца для падрываў i мае сёе-тое агульнае з iм. Усю вайну я меў дачыненне толькi з дынамiтам. Я трохi разбiраўся ў статыцы, Гуга, меў пэўнае ўяўленне пра дынамiку i добра разбiраўся ў дынамiце: "праглынуў" усе кнiгi, што закраналi гэтую тэму. Калi нешта хочаце падарваць, трэба толькi ведаць, куды памясцiць ладунак i якая павiнна быць сiла выбуху. Я ўсё гэта ведаў, Гуга, i гэтак вось падрываў: падрываў масты i шматпавярховыя гмахi, цэрквы i чыгуначныя вiядукi, раскошныя вiлы i скрыжаваннi шасэйных дарог; за гэта мяне ўзнагароджвалi ордэнамi i падвышалi ў званнi: з лейтэнанта на обер-лейтэнанта, з обер-лейтэнанта на гаўптмана; мне давалi таксама дадатковыя адпачынкi i выносiлi падзякi — бо я так добра ведаў, як трэба падрываць. А напрыканцы вайны я быў падначалены ў пэўнага генерала, у якога ў галаве сядзелi толькi два словы: сектар абстрэлу. Цi ведаеш ты, што такое — сектар абстрэлу? Hе?

Фэмель падняў бiльярдны кiй вышэй ад пляча i пачаў цэлiць iм, нiбы карабiнам, у напрамку вежы сабора Святога Севярына.

— Бачыш, — сказаў ён, — калi б я зараз захацеў абстраляць мост там, за Святым Севярынам, дык сабор знаходзiўся б у сектары абстрэлу i яго трэба было б падарваць — хутка, як найхутчэй, каб я мог пацэлiць у мост; i я скажу табе, Гуга, я падарваў бы гэты сабор, хоць i ведаў добра, што мой генерал вар'ят i што сектар абстрэлу — гэта таксама вар'яцтва; бо, разумееш, зверху не трэба мець нiякага сектара абстрэлу; зрэшты, кожны самы нават тупагаловы генерал павiнен быў ведаць, што пэўны час таму былi вынайдзеныя самалёты; ды мой генерал быў вар'ят i ўмеў толькi таўчы адно: "сектар абстрэлу" — i я забяспечваў яму гэты сектар абстрэлу; у мяне была добрая каманда: фiзiкi i архiтэктары, i мы падрывалi ўсё, што паўставала на нашым шляху; апошнi аб'ект быў асаблiва вялiкi; нешта такое агромнiстае i магутнае, цэлы комплекс вялiзных i вельмi салiдных будынкаў: царква, стайнi, манаскiя цэлi, адмiнiстрацыйны будынак, фальварак — цэлае абацтва, Гуга; яно апынулася якраз памiж дзвюма армiямi, нямецкай i амерыканскай, i я забяспечваў нямецкай армii сектар абстрэлу, якi ёй, уласна, не быў патрэбны; муры ўкленчвалi перада мною, у хвалях i кароўнiках раўло быдла, мнiхi праклiналi мяне, але нiшто не магло мяне стрымаць; я пусцiў у паветра цэлае абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, падарваў яго за тры днi перад канцом вайны. Узорна, заўсёды як трэба — ты ж ведаеш мяне, хлопча.