Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 35

Генрых Бёль

Вясёлы рытм молатаў, якi я чуў тут сем гадоў таму, аддаваўся цяпер адно змораным рэхам у груканнi малатка на пантоне, дзе пажылы мужчына разбiраў паром; закруткi-гайкi з глухiм стукам падалi ў картонную скрынку, дошкi ўдаралiся аб зямлю так, што было адразу чуваць, наколькi яны паспелi згнiць; а пажылы мужчына абстукваў рухавiк, слухаў яго вуркатанне, як бiццё сэрца найдаражэйшай iстоты, нахiляўся нiзка над брухам парома, выцягваў наверх паасобныя часткi: шрубкi, закруткi, насадкi, цылiндры; разглядаў iх пры святле, нюхаў iх, перш чым кiнуць у скрынку з гайкамi; за паромам стаяла старая лябёдка, на ёй вiселi рэшткi сталёвага троса, разлезлага, як збуцвелая панчоха.

Успамiны пра людзей i падзеi заўсёды звязвалiся з успамiнамi пра рух, адбiтак якога замацаваўся ў маёй памяцi. Калi я, перавесiўшыся праз парэнчы балюстрады, падымаў i апускаў галаву, падымаў i зноў апускаў яе, назiраючы за вулiцай, — успамiн пра гэты рух абуджаў у маёй свядомасцi словы i колеры, вобразы i настроi. Hе тое, як выглядаў Фэрдзi, а тое, як ён падпальваў запалку, як лёгка ўскiдваў галаву, кажучы "але, але" — "не, не"; зморшчыны на Шрэлавым iлбе, яго пацiсканнi плячыма, бацькава хада, матчыны жэсты, рух бабулiнай далонi, калi яна адкiдала пасму валасоў з iлба, — а той стары чалавек, там, унiзе, што якраз ачышчаў вялiкую шрубу ад гнiлых рэшткаў дрэва, то быў Трышлераў бацька; гэтая рука рабiла рухi, якiя магла зрабiць толькi гэтая рука: я прыглядаўся да яе, калi яна адчыняла скрынi i зноў забiвала iх цвiкамi; кантрабандны тавар, што схаваны ў цёмных вантробах судна, вандраваў цераз мяжу: ром i разынкi, цыгарэты i шакалад; у шынку для грузчыкаў на прыстанi гэтая рука рабiла рухi, якiя яна адна магла зрабiць; стары падняў галаву, падмiргнуў мне i сказаў: "Але ж тая, уверсе, дарога, сынку, нiкуды не вядзе".

— Яна вядзе да Вашага дома, — адказаў я.

— Той, хто хоча прыйсцi да мяне, з'яўляецца з боку вады, нават палiцыя; i мой сын прыплывае сюды на лодцы, але рэдка, вельмi рэдка.

— Цi палiцыя ўжо там?

— Чаму ты пытаешся, сынку?

— Бо яны мяне шукаюць.

— Што-небудзь спёр?

— Hе, — адказаў я. — Толькi i ўсяго, што я адмовiўся частавацца бычыным прычасцем.

Судны, падумаў я, судны, цёмныя ўнутры, з капiтанамi, спрактыкаванымi ў адшукваннi мытнiкаў; мне не спатрэбiцца многа месца — не больш як скатанаму дывану; схаваны ў скатаным парусе я хачу пераплысцi мяжу.

— Хадзi сюды ўнiз, — сказаў Трышлер. — Там уверсе цябе могуць убачыць з другога берага.