Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 31

Генрых Бёль

Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.

"У гатэлi я яго не нашу, — казала яна Гугу, — няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".

— Я прынёс каньяк, пане доктар.

— Дзякуй табе, Гуга.

Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель — якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей — вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.