Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 22
Генрых Бёль
— Што ж табе, хлопча, расказаць?
Яго ўспамiны нiколi не лучылiся са словамi i вобразамi, а толькi з пэўнымi рухамi. Бацька — гэта была яго хада, гарэзлiвая дуга, якую апiсвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка — гэтак, што цёмна-блакiтная стужка, падшытая ўнiзе ў калашыне нагавiцаў, паказвалася на хвiлю, калi ён ранiцой праходзiў каля лаўкi Грэца да Кронэравай кавярнi; мацi — гэта была складаная i пакорлiвая фiгура, якую выпiсвалi яе рукi, калi яна сашчэплiвала iх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: "Якi благi гэты свет", "як мала ў iм чыстых сэрцаў"; яна ўсё гэта крэслiла рукамi ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота — гэта былi яго ногi, што маршыруюць, калi ён праходзiць у ботах праз сенцы i далей, па вулiцы; "вораг-вораг", — рытмiчна выстуквалi на плiтках тратуара яго ногi, тыя самыя ногi, што яшчэ не так даўно выстуквалi iншы рытм: «брат-брат». Бабуля — рух, якi яна рабiла ўсе семдзесят гадоў i якi цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, якi застаўся жыць у пакаленнях i якi кожны раз абуджаў у iм страх; яго дачка Рут нiколi не бачыла сваёй прабабкi, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нiчога не ведаючы, яна адкiдала валасы рукою з iлба тым самым жэстам, што i яе прабабка.
Фэмель бачыў i сябе самога — як ён нахiляўся па бiту для лапты, шукаючы сваю сярод iншых; як ён круцiў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кiнуць туды, куды ён хоча, — так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама i левай рукой перахапiць бiту i стукнуць па мячыку з усёй сiлы абедзвюх рук — каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету.
Ён бачыў сябе, як ён стаiць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахiляецца, выпроствае, б'е. Усё залежала толькi ад разлiку; iншыя былi дурнi: не ведалi, што час падзення мячыка можна разлiчыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькi часу трэба, каб зручна перахапiць бiту, i што ўсё астатняе — гэта толькi пытанне каардынацыi i трэнiроўкi; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабiць гэта на лузе, у парку, у садзе; iм было невядома, што iснуюць формулы, якiя можна выкарыстаць, вагi, на якiх можна ўзважыць мячыкi. Толькi крыху фiзiкi, крыху матэматыкi i практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставiлiся да абодвух прадметаў, якiя тут былi патрэбныя; яны з пагардаю ставiлiся да трэнiровак, гультаявалi, практыкавалiся з дапамогай сумнiцельных сентэнцый, плавалi ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлiн быў для iх невядома чым; нават такое слова, як «лот», ператваралася ў iх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот — гэта ж зусiм ясна: леска, кавалак волава; яго закiдалi ў ваду, фiксавалi, калi грузiла дакраналася да дна; потым леску выцягвалi i мералi па ёй глыбiню вады; але калi яны казалi "кiнуць лот", гэта гучала як кепская iгра на аргане; яны не ўмелi нi гуляць у лапту, нi чытаць Гёльдэрлiна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае.