Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 339
Васіль Быкаў
Цяжка было ўявіць, колькі часу ён доўжыўся, гэты пакутны сон, і нават чым скончыўся — проста Агееў кудысьці знік з яго, магчыма, прачнуўся або заснуў іначай — без сноў. Гэтыя начныя пакуты, аднак, падзейнічалі на яго гнятліва, і Агееў думаў, што ўдзень абавязкова штось здарыцца. Што менавіта можа здарыцца, ён ніяк не мог здагадацца, колькі не прыкідваў па сваіх колішніх снах — такі бязвобразны, пакутны сон ён бачыў упершыню. І ён сядзеў ля цяпельца, нават не папіўшы чаю, растрывожаны і нямыты, зусім выбіты са сваёй звыклай працоўнай каляіны — не ведаў, за што ўзяцца. У гэтым стане поўнай разгубленасці ён убачыў двух сябрукоў, якія пралезлі да яго цераз праломіну ў сцяне агароджы. Моўчкі, не павітаўшыся, быццам яны толькі што адсюль адлучыліся, хлопцы сталі над цяпельцам, паўзіраліся ў кволы смярдзючы агеньчык — сарамяжлівы, маўклівы Артур і болей гаваркі Шурка.
— Ну, што, рабяты? — разгублена запытаў Агееў, болей каб парушыць свой невясёлы стан. Калупаючы дубчыкам у касцярку, вяртлявы Шурка адразу ж выпаліў тое, што іх зараз цікавіла:
— А тут бульдозеры прыйдуць. Глядзець будзем.
— Якія бульдозеры?
— А будуць кар’ер закопваць. Птушкафабрыку будаваць.
— Во як!
Пра птушкафабрыку ён ужо некалі чуў — хадзіў у пасёлак па хлеб і падслухаў, як мужыкі, што перакурвалі ля магазіна, вялі гаворку пра нейкую птушкафабрыку, на будаўніцтва якой набіралі падсобнікаў. Але ён не стаў прыслухоўвацца да той размовы і, заняты сваімі думкамі, пайшоў далей.
— А хто вам сказаў, хлопцы?
— Мікола сказаў. Во, Артураў брат. Пайшоў заводзіць бульдозер, хутка прыедзе.
Агееў памаўчаў. Мяркуючы па ўсім, справа яго набывала новы кірунак, і ён уявіў сабе, як прыйдуць бульдозеры і што яны зробяць з гэтым кар’ерам. Напэўна, трэба было, пакуль яшчэ заставаўся час, хоць бы ў адзін штык перакапаць гэты зарослы быльнягом куток, каб канчаткова пераканацца, што там нічога няма. Хоць бы для ачысткі сумлення. І пасля ўжо няхай усё закопваюць ці раскопваюць, як там запланавана ў іх. Гэта было самае разумнае з усіх магчымых рашэнняў, трэба было ўставаць, браць рыдлёўку. Але ён сядзеў, глядзеў, як хлопцы, прысеўшы над касцярком, пачалі падкладваць у яго сухія, апалыя з дрэў галінкі, пучкі сухога быльнягу. Атрымаўшы харч, касцярок спярша густа задыміў на ветры, пасля каснічкі полымя жвава прабіліся праз слаі дыму, з трэскам ахапілі быльнёг. Агееў сядзеў, амаль напэўна ўжо ведаючы, што не паднімецца і той не перакапаны ім закутак так і застанецца не крануты, таму што… Таму што ён не хацеў яго кратаць. Ён ужо звыкся з, можа быць, самім выпешчанай у сабе думкай, што ў гэтам кар’еры нікога болей няма і не было ніколі. Ягонымі ўчынкамі ўжо стала кіраваць надзея, выхаваная ім за два летнія месяцы, і ён не меў рашучасці рызыкаваць ёю, бо рызыка вельмі проста магла яе знішчыць. Не, ён ужо не хацеў ні да чаго дакопвацца, яго даследчы азарт увесь скончыўся, ён гатовы быў уцячы ад праўды, калі б гэтая праўда раптам яму адкрылася. Вымучанае ім за час гэтых раскопак спадзяванне, нібы птушка шчасця, так наблізілася да яго, што гатова была вось-вось апусціцца на яго натруджаную руку, і ён баяўся паварушыцца, каб не спалохаць яе назаўжды. Зусім можа быць, што ён памыляўся, што гэта было звычайнае боязнае жаданне, прыступ слабасці. Але ўся справа ў тым, што ён ужо не знаходзіў у сабе сілы, каб адолець тую сваю слабасць, ды і не хацеў таго.