Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 340

Васіль Быкаў

Скупа перагаворваючыся, хлапчукі поркаліся ў цяпельцы. Шурка прынёс трохі сухога вецця, сабранага пад сцяной могілак. Артур пачаў соваць яго ў змарнелы агонь, а заглыблены ў сябе Агееў пакутліва згадваў, што трэба зрабіць. Але, мабыць, ён проста не здольны быў што-небудзь рабіць і, напэўна, доўга прасядзеў бы так у задуменнай нерашучасці, калі б халапчукі не закрычалі раптам:

— Едуць, едуць!..

Агееў скалануўся, прыслухаўся. Артур з Шуркам пабеглі ўніз на дарогу, і вецер данёс ледзь чутны грукат цяжкіх машын на дарозе за могілкамі. Грукат гэты, аднак, хутка мацнеў, запаўняў сабой ускраінную прастору пасёлка, пачуўся пералівісты лязгат гусеніц, і вось яны выпхнуліся з-за вугла каменнай агароджы — два нязграбныя, закапцелыя трактары з прыўзнятымі над дарогай шырокімі нажамі бульдозераў. Ля кар’ера абодва спыніліся, але рухавікі працавалі, пыхкаючы ўгару сінім дымам; з кабіны пярэдняга на дарогу вываліліся два чалавекі, пайшлі да кар’ера. Пасля да іх далучыўся бульдазерыст другой машыны. Хуткім крокам яны абышлі яму кар’ера, агледзелі наваколле, нядоўга пастаялі на самай выспе каля кустоўя. Што яны там гаварылі, Агееву не было чуваць, дужа грукацелі дызелі на дарозе, дзе ўжо круціліся Шурка з Артурам.

Агееў нібы ў прастрацыі сядзеў ля палаткі, і толькі калі бульдазерысты занялі свае месцы ў кабінах і магутна зараўлі рухавікамі, ён падняўся. Стараючыся не даць сабе завагацца ці перадумаць, нібы адразаючы ўсе шляхі да адступлення, хутка павыдзіраў дзюралевыя калкі адцяжак — палатка зморшчылася і абвяла, і ён ліхаманкава пачаў выбіраць адтуль рэчы, выкідваючы іх з прарэхі палаткі, запіхваючы ўсё ў рукзак. Добра, што рэчаў было няшмат, галоўнае месца займала палатка, якую ён таропка, абы-як скамячыў і, прыціскаючы каленам, таксама запіхаў у рукзак. На яго наседжаным за лета месцы болей нічога не засталося, апроч кволага касцярка побач ды пластмасавага вядзерца на прытаптаным, з бляклай травой квадраце пад дном палаткі. Небагатае смецце ён нібы прадбачліва спаліў ранкам, месца ўвогуле засталося прыбраным. Закінуў за плячо цяжкаваты рукзак і пайшоў па адхоне ўніз. Перад тым як на дарозе павярнуць за могілкі, не стрымаўшыся, азірнуўся — магутна равучы маторам, першы бульдозер ужо піхаў на абрыў вялізную кучу зямлі, за ім, трохі адстаўшы, упіраўся ў зямлю другі бульдозер. Вось-вось з абрыву ў кар’ер павінна была абрушыцца гара рыхлага грунту, і Агееў, амаль фізічна адчуваючы цяжар яе імклівага падзення, наддаў кроку.