Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 338
Васіль Быкаў
Ён яшчэ ўчуў грымотны перуновы залп ва ўпор, як дужы, разгоністы ўдар у грудзі кінуў яго назад. Ён паляцеў кудысь у прастору — з шумам і звонам увушшу, штосьці абрушваючы сваім целам, разам з сабой валячы ў прадонне…
Памалу, аднак, усё пачало сціхаць, аддаляцца, і нарэшце ўсё ўціхамірылася.
З ветранага неба церусіў мокры сняжок…
Раздзел сёмы
Работы ў кар’еры засталося няшмат — апошні, бліжні ад могілак кут, зрэдку парослы асотам ды свежым пырнікам, і на тым усё можна б лічыць скончаным. Але Агееў не спяшаўся брацца за справу, з раніцы ён сядзеў над слабенькім, распаленым са смецця і папяровых абрыўкаў цяпельцам, якое смярдзюча дыміла, — грэў рукі. Раніца выдалася хмарная, без пробліску сонца; расы на траве не было, з поля дзьмуў свежы халаднаваты вецер, трывожна шумелі дрэвы на могілках. Накінуўшы на плечы сінюю балонневую куртку, Агееў прыпамінаў свой сённяшні сон.
Сон быў просты, амаль элементарны па вобразнасці, але ён уразіў Агеева сваім загадкавым сэнсам, загадкавым нават для яго, які заўжды ўмеў амаль пэўна расшыфроўваць свае начныя шарады.
Зусім без якіх-небудзь подступаў да галоўнага, сон пачаўся з таго, што ён, Агееў, мяркуючы па ўсім, аднекуль незнарок выпаў, з якога іншага свету ці іншага часу, і апынуўся адзін у вялізнай, страхавітай, пустой прасторы. Цяжка было зразумець характар тае прасторы і нават здагадацца, што ёю з’яўляецца — мора, зямля ці, можа быць, космас. Зрэшты, усё ляжала па-за зрокавым вобразам, хутчэй адносілася да сферы пачуццяў і ўвасаблялася адчуваннем абсалютнай, гнятлівай адзіноты. Па меры таго, як доўжыўся сон, тое адчуванне ўсё большала, а прастора шырэла, запаўнялася трывогай, бояззю, страхам. Ён дужа пакутаваў, і тыя яго пакуты былі хутчэй за ўсё душэўныя, таму што цялесны Агееў сам па сабе быццам адсутнічаў, у гэтым загадкавым асяроддзі было толькі яго абстрактнае Я, пазбаўленае плоці і тым не менш надта балючае. Падобна, аднак, гэтае яго бясплотнае Я між тым увесь час сціскалася, меншаючы ў аб’ёме па меры разрастання загадкавай прасторы. І вось нарэшце настаў такі момант, калі Я зусім знікла, растварылася, пакінуўшы толькі ўяўленне пра сябе, успамін ці невыразны адбітак свае прысутнасці дзесьці, што ўжо не было ні асяроддзем, ні вобразам. Засталіся хіба што яго пакуты, у якія ён пераўвасобіўся ўвесь, без рэшты, і за якімі нічога больш не было.
Дзіўна, але гэты сон нейкім аддаленым пачуццём напомніў яму тую, даўно перажытую ім пагібель, калі ён у непрытомнасці, з вінтовачнай куляй у грудзях падаў у кар’ер. Тады выпадак ці круты, недастаткова навіслы над вадой схіл не далі яму зваліцца ў лужыну, у якой апынуліся толькі ягоныя ногі, і праз гадзіну ці больш ён апрытомнеў. Навокал было ціха, паліцаі вярнуліся ў мястэчка, з цёмнага неба сыпаў густаваты сняжок. Ён пачаў выбірацца з вады на сухое, доўга поўз па адхоне ля лужыны, пакуль не выбраўся з кар’ера на выездзе. Тут ён зноў страціў прытомнасць, доўга ляжаў у стылай гразі, папоўз зноў. На дарогу ён выпаўз перад світаннем, і яму там пашэнціла. Выпадак узнагародзіў яго сваёй нячастай міласцю: першы ж яздок з мястэчка аказаўся чалавекам добрым, ён моўчкі ўсцягнуў скрываўленага Агеева ў фурманку, і ранкам яны былі ўжо далёка. Зіму ён пластом праляжаў у нямогласці, поўнай безнадзейнасці, пасля захварэў на тыф, двойчы яго перахоўвалі на хутарах. Але вясной, на ўласнае здзіўленне, падняўся на ногі. Усё тое было даўно і, здаецца, перастала хваляваць яго — быццам было не перажыта ім, а ўбачана ў кіно ці прыснілася. І цяпер вось сённяшні, падобны па сэнсу і адчуваннях сон, які ўсё вярнуў з забыцця, усхваляваў яго знясіленыя пачуцці.