Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 341

Васіль Быкаў

Грувасткі рукзак, аднак, балюча намуляў плячо, пакуль ён дашкандыбаў да аўтастанцыі, што была ў сілікатным павільёнчыку каля цэнтральнай плошчы. Там перад фанерным стэндам раскладу з палёгкай скінуў на асфальт сваю ношу, хвіліну вывучаў тэрміны прыбыцця аўтобусаў, хаця ўжо з самага пачатку было зразумела, што ён спазніўся. Аўтобус на Мінск ішоў у шэсць раніцы, наступны павінен прыйсці праз суткі. Праўда, быў яшчэ адзін, заезджы, які прыбываў увечары, але білеты на яго прадаваліся пасля прыбыцця. Агееў зморана прысеў на рукзак, адпачываючы, думаў, як быць, і, нічога іншага не надумаўшы, пайшоў прасіць месца ў гасцініцы.

Гасцініца была недалёка, на бакавой вулічцы за пыльным, з маладымі дрэўцамі скверыкам, праз які вяла добра ўтаптаная пасялкоўцамі сцежка. Каля гасцінічнага ганка, чакаючы пасажыраў, стаяў пусты экскурсіўны «Ікарус», і Агееў падумаў, што месца для яго наўрад ці тут знойдзецца. Усё ж ён праціснуўся са сваёй ношай у цеснаваты вестыбюльчык, скінуў рукзак. Знаёмая па мінулым яго тут пражыванні бландзіністая дзяжурная, што снедала з паперкі, мабыць, таксама пазнала яго і, калі ён павітаўся, без лішніх слоў паклала на бар’ер маленькі аркушык анкеты. Гэта была ўдача, на якую Агееў ужо не разлічваў, ён таропка запоўніў анкету і хутка атрымаў ключ з фанернаю біркай ад адзіночнага нумара на другім паверсе. Улезшы туды са сваім рукзаком, адчуў, што на большае сёння не здольны. Пасля ўсіх перагрузак сэрца зусім збілася з рытму, ён праглынуў адразу аж дзве таблеткі хінідзіну, запіў іх цёплай вадой з графіна і, не распранаючыся, упаў на засланы ложак. Цела цалкам і з удзячнасцю аддалося дабратворнай уладзе спакою, металічная сетка паслухмяна гнулася пад яго рухамі. Увогуле тут было зручна і добра, калі б не арытмія, і ён, можа ўпершыню за лета, падумаў: ці не дарма ён усчаў усё гэта? Здаецца, ён ушчэнт падбіўся, падарваў здароўе, а чаго дамогся? Ці не лепш было б жыць, як жывецца: адпачываць, рыбаліць, як тысячы пенсіянераў, не тузаючы сябе надуманымі праблемамі, не грызці мараллю, як казаў сын Аркадзь, імкнуцца да прастаты там, дзе пануе складанасць; можа б, так ён прыдбаў магчымасць пражыць лішні год на гэтым няласкавым свеце. А то нагарадзіў барыкаду праблем і вось зараз не мог сціхамірыць сэрца, якое соты раз напамінала яму пра ўзрост і тое, што яно не жалезнае… Самае кепскае, аднак, было ў тым, што ён нічога не дазнаўся за лета, праведзенае з рыдлёўкай у кар’еры, перакапаў кубаметры зямлі, але ні на крок не наблізіўся да рашэння сваёй загадкі, нічога не давёў да канца. Часам яму здавалася, што так яно, можа, і лепш — ён нічога не знайшоў і тым пакідаў для сябе надзею. Часам жа ў ягонай памяці паўставаў адзіны, не крануты рыдлёўкай закутак у кар’еры, які мог падмацаваць тую надзею, хаця мог і панішчыць яе. Было падобна, аднак, што яго ўсё ж палохала ісціна і шматзначны туман спадзявання быў яму болей мілы. Ён даваў яму магчымасць жыць спакайней. Без дэпрэсій і стрэсаў.