Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 337
Васіль Быкаў
— На, бяры, на…
Ён адкінуў і другі бот — далёка на траву, застаўшыся ў расхлёстаных брудных анучах. Паліцай пабег па боты, а побач нервова затузаўся Малаковіч.
— Можа, возьмеш і мае, Пахом? Ці пакінеш у знак былой дружбы? За тое, што даваў табе кантрольную спісваць?
— Ага, даваў! — пакрыўджана забурчаў паліцай, хапаючы боты. — А помніш: даў спісаць з памылкай. Па алгебры. Сам пяць палучыў, а мне два паставілі.
Малаковіч шчыра здзівіўся:
— Ідыёт! А я пры чым? Ты ж без памылкі і спісаць не мог, падлюга!
— Да-а. Ну і набраў ты падонкаў, Драздзенка, — сказаў Агееў. — Па сабе мераў?
— Ты яшчэ не заткнуўся!.. — крыкнуў Драздзенка, зрабіўшы да яго пагрозлівы выпад, але спыніўся: ззаду яго клікнуў немец. Тры паліцаі сцягвалі з фурманкі Кіслякова, і той слабым голасам выціснуў:
— Прашчайце, браточкі… Не абіжайцеся, калі…
— Нічога, нічога, сынку, — адказаў яму адзін Зыль. Агееў і Малаковіч маўчалі.
Разгоністым крокам Драздзенка падскочыў да іх кароценькага строю, рукой аддзяліў ад усіх Зыля.
— Так! Давай ты, з племяшом у пары.
«Няўжо застрэляць? — з недаверам падумаў Агееў. — Яно і сапраўды падобна, што Зыль тут ні пры чым. Выпадкам трапіў у гэтую гісторыю…»
— Паслухай, Драздзенка, — сказаў ён з папрокам у дрыготкім голасе. — А гэтага нашто? Ён жа тут выпадкова. Я знаю…
Драздзенка крута павярнуўся і замахаў рукой.
— Ты знаеш? А ты знаеш, што ён дванаццаць вагонаў на станцыі падпаліў?
Паліцаі ўжо пхалі Зыля да абрыву, куды прывалаклі Кіслякова, і счэпшчык, пачуўшы тыя словы Драздзенкі, непаслухмяна тузануўся ў іхніх руках.
— Не дванаццаць, начальнік! Семнаццаць! Семнаццаць вагонаў спаліў! Хай там запішуць — семнаццаць…
— Яны яго ўдарылі. Зыль войкнуў і болей ужо не выкрыкваў, не тузаўся.
Агееў дробна дрыжаў — ад сцюжы і нервовага напружання, гледзячы, як за трыццаць крокаў на абрыве сталі дзве постаці — рослы счэпшчык Зыль і ягоны пляменнік — мілы, сарамлівы Кіслякоў. Стаяць Кіслякоў ужо не мог і абвяла віснуў на руках у Зыля, які з натугай трымаў яго, прыгаворваючы нешта за крок да абрыву. Перад імі, рашуча лязгаючы затворамі вінтовак, станавіліся ў шарэнгу некалькі паліцаяў.
— Фоер! — нечакана зычным голасам скамандаваў немец, і ў вушы Агееву ўдарыў разрознены вінтовачны залп. Агееў хіснуўся ад яго паветранае хвалі, міргнуў адным вокам (другога ён ужо не расплюшчваў), і, калі зноў паглядзеў туды, ні Зыля, ні Кіслякова на абрыве ўжо не было. Паліцаі заставаліся ў шарэнзе, і Драздзенка з немцам падбеглі да абрыву, зірнулі ў кар’ер. Пасля пачулася некалькі нямоцных удараў — пісталетных стрэлаў, — для пэўнасці яны пасылалі апошнія кулі ў расстраляных.
— Наступныя! — крыкнуў начальнік паліцыі, павярнуўшыся да іх з пісталетам у руцэ.
— Пайшлі, Валодзя, — ціха сказаў Агееў і, не азірнуўшыся, застыргікаў да абрыву.
Яму паступова і ўсё болей адкрывалася ўнізе вялізная, уся ў ветранай рабізне бліскучая лужына. З цёмнага неба пасыпаў мокры сняжок, асядаючы на апратцы, валасах, далікатна кранаючы яго разбітыя да крыві вусны. На душы ў Агеева было пуста, як, мабыць, можа быць пуста толькі перад пагібеллю, калі ўсё жыццё пражыта дарэшты і пражыта не так, як хацелася, — бязладна, не ў згодзе з сумленнем, з шэрагам няўдач і памылак. Ён ужо нічога не памыкаўся і нават нічога не хацеў сказаць ні свайму саратніку Малаковічу, ні іхнім катам. Хай забіваюць…