Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 333
Васіль Быкаў
— Гэта не самае горшае, — сказаў Агееў.
— Не самае горшае? Ну, вы даёце! Што ж тады можа быць горш? Мы ж гінем! Засыпаліся, праваліліся, як апошнія абармоты. Усе адразу, без рэшты! Эх, бязмозглыя куры! Хіба так можна было? І — вы!..
— Што я? — насцярожыўся Агееў.
— Што? Вы яшчэ пытаецеся — што? Ды вы ўсё завалілі! — не стрымліваючыся, амаль у шаленстве крычаў Малаковіч.
— Гэта якім чынам?
Мабыць, было не месца і не час разбірацца ў такіх справах, але Агееў ужо не ў стане быў і стрымацца. Ды ці будзе для іх больш зручнае месца? І час?
— А такім! — выпаліў Малаковіч. — Чаму вы даверыліся гэтай… Марыі? Хто яна такая? Што вы пра яе ведаеце?
Агееў зноў знерухомеў у прадчуванні таго, што яго магло тут панішчыць горш за нямецкі расстрэл…
— А што пра яе… трэба ведаць?
— Трэба ведаць усё! — з жарам прадаўжаў Малаковіч. — А то панесла… Куды? Каму? Нікога тут не знае, лезе прама на паліцая. Ён і цопнуў! Кашолка! З базара! А ў кашолцы што? Мыла? Гэта для дурняў «мыла». Ён жа, паліцай гэты, Зялёнка, і кашолку адразу пазнаў: тою зімою Бараноўская прыносіла ў рамонт, ручка адарвалася. Зрабіў, ручкі абкруціў чырвонаю анучкай. Ну! Што яшчэ трэба было паліцыі? Сама здабыча — прама ў кішэню. Трымай шырэй!
Агееў вінавата маўчаў. Малаковіч выцяў яго пад дых, у самае сонечнае спляценне, хаця і не з таго боку, адкуль нядаўна яшчэ чакаў Агееў. Выходзіць, Марыю пагубіў ён сам — гэта ўжо было пэўна. Але ж яна нікога не выдала. Ды і каго яна магла выдаць, апроч Агеева?
— Я быў у безвыходным становішчы, — сказаў ён ціха пасля доўгага і пакутнага маўчання. — Без сувязі. Кіслякоў прапаў, ты ж ведаеш… А тут гэтая перадача…
— Вось вы і паспяшаліся! — перапыніў яго Малаковіч. — Вам хацелася хутчэй апраўдацца, развеяць падазрэнні. Падазрэнні ж былі?
— Якія падазрэнні? — здзівіўся Агееў.
— А ўспомніце — якія. Ці вы забыліся?
Не, Агееў не забыўся пра падазрэнні, якія нядаўна яшчэ прычынялі яму пакуты, ён проста перастаў думаць пра іх. Кропку на іх паставіў для яго тол, і яму хутка пачало здавацца, што ўсе ягоныя страхі надумаў ён сам. Бо як можна падазраваць таго, хто ўсё рабіў ад чыстага сэрца, стараючыся як найлепш, і сядзіць во, прысуджаны да расстрэлу? Які ніколі нічога не выдаў і нават і не думаў выдаць.
— І Кіслякоў! — раптам амаль закрычаў Малаковіч, ускочыўшы з долу. — Ён мяне выдаў!
Стала зусім ціха, і ў гэтай цішы чутна было, як усхвалявана дыхаў Малаковіч, і ў грудзях у Агеева шалёна калацілася сэрца.
— Як? — збянтэжана сказаў Агееў.
— Проста! Ён назваў маё імя! Сярод сваіх таварышаў. Цяпер я табе не таварыш, паняў?!
Кіслякоў не саломе задыхаў часцей, штось быццам спрабаваў сказаць, але прасіпеў толькі:
— Даруй, Валодзя!..
— Яны яго білі, так білі, я чуў, — зашавяліўся ў цемры Зыль. — Яны яму, ну… палавы орган абцасам раструшчылі.
Здаецца, Малаковіч трохі, аднак, спакайнеў, змоўчаў, адольваючы сваю шалёнасць, — рэчаіснасць нарыхтавала ім самае страшнае, што магло з імі здарыцца, і трэба было сабраць сілы. Агееў лёг ля Кіслякова, над якім сядзеў яго дзядзька Зыль. Дзесь зводдаль прыціх у цемры і Малаковіч. Не перастаючы перажываць усё, што давялося пачуць, Агееў думаў пра Марыю і яе недарэчны лёс. Цяпер яму ўсё выразней бачыліся прычыны правалу Марыі — не чыя-небудзь віна, а збег дзікіх абставін, дурныя выпадковасці накшталт кашолкі і паліцая, які год назад яе рамантаваў. Калі б не гэтыя супадзенні, усё магло абысціся добра і яны былі б цяпер на волі і ганарыліся тым, што ім удалося зрабіць. Але во ўмяшаліся тыя пачварныя выпадковасці, і ўсё паляцела дагары нагамі. Тол, дыверсіі і іх маладыя жыцці. Хаця што валіць на выпадковасці, хіба не зразумела, што тая барацьба, у якую яны ўступілі, была густа нашпігавана рознымі выпадковасцямі, самымі дзікімі абставінамі, з якіх яна ўся і складалася. Не тое, дык іншае, як кажа гэты вось Зыль. Шанцу выйсці жывымі з гэтай калатнечы практычна ў іх не было. Уся розніца ў тым, што адных пагібель насцігла раней, а другіх пазней, але ў роўнай меры, мусіць, усе яны былі асуджаны на пагібель.