Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 332
Васіль Быкаў
«Чорт вазьмі! — бязрадасна, аднак, падумаў Агееў. — Значыцца, мне шчэ пашэнціла. Можа, таму, што нядаўна ўзялі? Ці што хутка перадалі ў СД? Ці Драздзенка сцяміў, што не на таго напаў? Ці мае ўлікі былі ўсе ў наяўнасці і яму іх хапіла, каб падвесці мяне пад расстрэл? А Кіслякоў?..»
— Зыль, а вы пасля тую дзяўчыну не бачылі? — запытаўся Агееў і сцяўся, чакаючы адказу.
— Бачыў. Вочную стаўку рабілі з ёй. Але што я скажу? Я першы раз убачыў на пераездзе. Яна мяне тожа.
— Ну, а пасля? Што з ёй?
— Дык невядома. Можа, перадалі немцам? А можа, застрэлілі…
— А вас што — не білі? — раптам падумаўшы пра іншае, запытаўся Агееў, і Зыль з гатоўнасцю адказаў:
— Білі! І, ведаеце, знаёмыя паліцаі. Але што я скажу? Я ж нічога не ведаю.
Хвалюючыся, Агееў не мог сцяміць, як яму паводзіць сябе з гэтым гаваркім Зылем, ці варта давяраць яму. Шчырасць яго падабалася, але… Яна магла быць і фальшывай, гэтая яго шчырасць. Вельмі карцела пагутарыць з Кісляковам, каб хоць даведацца, за што яго ўзялі. Але прысутнасць гэтага Зыля ўвесь час стрымлівала яго. Абапёршыся на руку, Агееў сядзеў каля распластанага на саломе Кіслякова і не ведаў, як загаварыць з ім. І ці можна было з ім загаварыць наогул? Хлопец быў у гарачцы, гэта адчувалася нават у цемры, ліхаманкавае дыханне яго часам зусім знікала.
— Усё ж трэба папрасіць вады, — сказаў Агееў. — Вы пастукайце там.
Аднак не паспеў Зыль падняцца, каб падысці да дзвярэй, як зводдаль у сутарэнні пачуліся крыкі, валтузня, якія хутка набліжаліся да іх камеры.
— Не штурхай! Не штурхай, падлюга! Я цябе так штурхану!..
— Ідзі, ідзі!..
Агееў прыслухаўся і зразумеў, што гэта Малаковіч — яго гучны камандзірскі голас гучаў тут злосна і рашуча. Калі дзверы адчыніліся, у святле ліхтара з калідора ён убачыў на парозе свайго франтавога сябра, Малаковіч быў амаль голы па пояс, цела яго пакрывала разадраная на грудзях сіняя майка, адрослыя космы валасоў на галаве бязладна тырчалі ў бакі, на твары чарнела некалькі сінякоў — слядоў ад удараў. Але дух у гэтага ўзводнага, падобна, заставаўся нязломны — Малаковіч злосна лаяўся:
— Падлюга! Ублюдак нямецкі!
Яго злосна штурхнулі цераз парог, Малаковіч выцяўся аб сцяну, ледзьве не наскочыўшы на трох бедалаг у доле.
— Хто тут? Зыль?..
— Зыль і яшчэ некаторыя, — сказаў Агееў, калі дзверы за ім зачыніліся.
— Вы? — здзівіўся Малаковіч.
— І яшчэ Кіслякоў, — сумна паведаміў Агееў.
— Да, сабралася капэла! — кінуў Малаковіч і загаварыў горача: — Пастараліся, сволачы, нахапалі! І яшчэ штурхаецца, падлюга! Сябрук, называецца, у адным класе вучыліся.
— Гэта хто? — запытаў Агееў.
— Ды Пахом гэты. Паліцай. Свайго ж таварыша б’е, выслужваецца, падлюга!..
Малаковіч дробна-нервова тросся ад крыўды і нянавісці, але, здаецца, пабіты быў менш за іншых ці, можа, пакуль што трываў.
— Нічога, нічога, — супакойваючы яго, сказаў Агееў. — Сядай вось…
— Што нічога?! — узвіўся Малаковіч. — Вы ведаеце: заўтра расстрэл!