Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 331
Васіль Быкаў
— Во, ведаеце, ні за што ўзялі, нічога я не зрабіў, а цяпер — расстрэл. Дзіўна ў іх неяк… Заб’юць, а за што? — скардзіўся ў цемры чалавек, і Агееў падумаў, што ўвогуле гэта зразумела. Напэўна, тут кожны лічыць, што пакутуе без віны. Можа, і ён павёў бы сябе гэтак жа, калі б быў выпадак каму паскардзіцца.
— А вы хто? З мястэчка? — запытаўся Агееў.
— Ды я са станцыі, знаеце. Зыль, счэпшчык. І во трэба ж, пайшоў у мястэчка солі купіць, а на пераездзе гэтая дзяўчына з кашолкай. Ёй паліцай: стой! Давай правяраць, і я тут. Ну, абаіх і ўзялі.
Агееў, падобна было, нібы кудысь праваліўся ад здзіўлення, пачуўшы такое, і зноў вынырнуў, уражаны сэнсам сказанага.
— Якая дзяўчына? — прахрыпеў ён.
— А хто ж яе ведае? Незнаёмая. Я яе ў вочы ніколі не бачыў, а яны кажуць: звязаны. Ды ні з кім я не звязаны.
«Марыя! Гэта Марыя!» — пранеслася ў свядомасці Агеева. Во як яна папалася! Бедная, няшчасная дзяўчынка!.. Ён быў збянтэжаны ад тых слоў счэпшчыка, які, мабыць, не падазраваў нават, як растрывожыў яго сваім паведамленнем. Але Агееў маўчаў, не ведаючы, як трэба паводзіць сябе перад гэтым Зылем. Ды і хто ён такі, ці не падсаджаны сюды паліцай? І ў той жа час вельмі хацелася дапытацца ў яго падрабязней, можа б, ён болей расказаў пра Марыю.
— Піць… Дзядзька, папрасі ў іх вады, — прастагнаў другі ў доле, і ў яго кволых словах Агееву зноў пачуліся знаёмыя інтанацыі. Хутка пра штось здагадаўшыся, ён запытаўся амаль спалохана:
— А гэта хто з вамі?
— Гэта Пеця, старэйшы Кіслякова сынок. Плямяш мой. Яны ж яго тожа… Два тыдні тут во мутузяць…
«Божа мой, дык гэта ж Кіслякоў! Ну во, а я столькі часу дабіваўся з ім сувязі, чакаў яго кожную ноч. А Кіслякоў во дзе! І ўжо два тыдні…»
Прыўстаўшы на локці, Агееў бокам падаўся туды, цягнучы за сабой нягнуткую левую нагу, рукамі намацаў на саломе нерухомае цела.
— Кіслякоў, ты?.. Гэта я, Агееў, што ў Бараноўскай…
— Я ведаю… Толькі… Кепска мне дужа, — ледзь чутна прастагнаў Кіслякоў.
І Зыль растлумачыў:
— Яны яго так знявечылі… Жывога месцейка не пакінулі.
— Паліцыя ці немцы?
— Спярша паліцыя. Пасля немцы, — прастагнаў Кіслякоў. — Усё дабіваліся…
— Чаго дабіваліся? — насцярожыўся Агееў.
— Рознага. І пра вас…
— Ну, а ты ж стрываў? Не сказаў?
— Як стрываеш? Калі б адразу памёр, а то… — прастагнаў Кіслякоў і сціх.
— Да-а, — выдыхнуў з сябе Агееў.
Штосьці ў іх справах прымала іншы, яшчэ больш кепскі характар. Хаця, здавалася б, што магло быць горш для іх, асуджаных на хуткую пагібель, калі ўжо не мілы стаў увесь белы свет і сваё знявечанае цела, і ўсё іх няўдалае жыццё. Але ж во і яшчэ рабілася горш. Агееў ведаў, што сам стрывае ўсё, не запэцкаўшы нічыйго сумлення, але бяда ў тым, што ён адпраўляўся на той свет не адзін, а з іншымі, і гэтым іншым, можа так здарыцца, перапала болей. Во Кіслякоў і не вытрымаў, штось выдаў паліцыі або немцам, і на душы ў Агеева зусім спахмурнела. Ад чаго толькі не залежыць яна, гэтая тонкая і далікатная штуковіна — сумленне, як яе цяжка зберагчы, каб не збэсціць. Ды яшчэ на гэткай вайне.
— Яны яго катавалі, бы звяры, — сказаў Зыль. — Пальцы ў дзвярах раструшчвалі. А пасля, знаеце, калі ён упаў… Ну, палавы орган абцасам раструшчылі. Начальнік іх… Бедны пляменнічак! — бядотным голасам скончыў Зыль.