Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 335
Васіль Быкаў
Але пакуль не адлучалі, а таксама звязалі за спіной рукі, і нешматлікая іхняя працэсія рушыла праз пустую ўначы кірмашовую плошчу. Наперадзе поруч з маўклівым немцам крочыў Драздзенка, за імі кацілася аднаконная фурманка, у якой пластом ляжаў жывы пакуль што Кіслякоў і на перадку сядзеў знаёмы паліцай Чарамісін. За фурманкай, кульгаючы, брыў Агееў, побач, увесь час імкнучыся наблізіцца да пляменніка, тузаўся Зыль. За іхнімі спінамі чулася хрыпатае дыханне распранутага да майкі Малаковіча. Зрэшты, апроч хіба Зыля, на плячах якога абвісала нейкая расхінутая, без гузікаў, куртка, усе яны былі амаль распранутыя і люта пакутавалі пад дажджом, на сцюдзёным восеньскім ветры.
— Куды яны нас? — ціха запытаўся Агееў, калі фурманка з’ехала з плошчы.
— Мабыць, на могілкі, — цепнуў плячмі Зыль. — А можа, у кар’ер.
У кар’ер, гэта хутчэй за ўсё, падумаў Агееў, яны ж не любяць капаць, закопваць… Хаця капаць магілу можна прымусіць і арыштаваных, але ж закопваць трэба самім. А гэта ўжо работа. Значыць, у кар’ер. Пра што ён думаў яшчэ ў гэтым сваім апошнім шляху на зямлі, з чым хацеў развітацца? Мабыць, ні пра што болей не думаў і ні з чым не развітваўся — усе яго сілы траціліся цяпер на адоленне сцюжы, на тое, каб не ўзарвацца, хоць знешне захаваць спакой. Ззаду і па баках тупалі па гразі іх канваіры, і сярод іх — ужо знаёмыя з учарашняга паліцаі: Пахом, Стасевіч, Равуноў, Сутчык. Яны былі насцярожаныя, трымалі вінтоўкі пад пахамі, але, падобна, усё ж баяліся. Навокал ляжала непагодная восеньская ноч, абапал вуліцы чарнеліся дахі, платы, парканы местачковых дамоў, голае голле дрэў у садках; неперадзе на пагорку тоўпілася шырокая купа старых высокіх дрэў на могілках, і яшчэ здалёку чуваць быў трывожны варанячы вэрхал. У небе не бліснула ніводнае зорачкі, усё там было непраглядна і змрочна, дробны дожджык то сыпаў, то пераставаў часам. Вецер дзьмуў няспынна, выдзьмуваў рэшткі цяпла з іх кволых спакутаваных целаў. Калі іх працэсія спусцілася да мастка цераз ручэй, Драздзенка выйшаў на ўзбочыну і счакаў фурманку, абабег паліцаяў, кожнаму штосьці наказваючы. Ці, можа, ён падбадзёрваў. Параўняўшыся з Агеевым, злосна прамычаў праз зубы:
— Ну, дабіўся, чаго хацеў?
— Даб’ешся і ты. Таго ж, — у тон яму адказаў Агееў. — Падлюга!