Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 334
Васіль Быкаў
З такімі невясёлымі думкамі ён памалу прыціх, быццам задрамаў нават, звыкся са сваёй бядой і сваім болем, прыпёршыся спіной да сцяны. Прыціхлі і ягоныя сябры па няшчасці. Мабыць, не спаў адзін толькі Зыль, усё поркаўся каля пляменніка: то папраўляў яго галаву, якую трымаў на каленях, то даланёй абмахваў ягоны твар, ад якога патыхала жарам. Як ні дасталося ім у паліцэйскіх засценках, безумоўна, Кіслякову перапала болей за ўсіх, і Агееў не хацеў судзіць яго строга. Ён бы меў права сурова, як гэта рабіў Малаковіч, абвінавачваць няшчаснага, калі б сам стрываў тое ж, што стрываў Кіслякоў, і ўстаяў. Агеева люта білі, але толькі раз, і ён патроху папраўляўся ўжо, не тое што гэты студэнт, які цяпер хоць бы дажыў да ранку. Агееў ужо разумеў, што, хаця магчымасці чалавечага духу амаль бязмежныя, яны надта несуразмерныя са сціплымі сіламі цела. Цела заўжды надта слабое, асабліва для такой злыбеды, як вайна, яно больш за ўсё іншае задае чалавеку клопату і прычыняе пакут. Што ж, Кіслякоў не стрываў, і ўся ягоная віна ў тым, што ён не сумеў памерці ў час і яны штось выцягнулі з яго…
Выводзлі іх па адным, і, пакуль наступнага валаклі з сутарэння, першыя пакутна чакалі, стынучы на сцюдзёным ветры за агароджай ля царквы. Была ноч, сыпаў дробны, золкі дожджык — у час моцных парываў ветру бязлітасна сек па голых плячах, тварах, галовах асуджаных. Апошнім выцягнулі Кіслякова, які зусім ужо не стаяў на нагах, і яго ўкінулі ў фурманку з ахапкам сена на дне. Паліцаяў тут было сямёра, імі распараджаўся Драздзенка, які з ліхтарыкам у руках бегаў каля царквы. Батарэйка ў ліхтарыку свяціла рэштаю свае сілы, і ў доле мільгала цьмяная плямка святла, Драздзенка лаяўся, мацюгаў арыштантаў і паліцаяў. Ён быў злы і раздражнёны. Воддаль за фурманкай стаяў, назіраючы за іх таропкімі зборамі, чалавек у даўгім плашчы і нямецкай фуражцы, але ён маўчаў, і Агееў не ведаў, хто гэта. Мабыць, нехта з СД. Але не Кавешка. Зрэшты, шкада, што не Кавешка, Агееў бы сказаў яму на развітанне пару моцных, ядраных слоў.
Не сваё здзіўленне, ён адчуў сябе лепш, чым уначы. Балела ў баку, па-ранейшаму дужа ламіла сківіцу, ныла апухлая ў калене параненая нага, але сіл быццам пабольшала — можа, апошніх перад пагібеллю сіл, і ён сам узышоў па прыступках, дакульгаў да веснічак. Тут трэба было чакаць. Паліцаі вязалі ім рукі, поркаліся каля фурманкі з Кісляковым, трое, адышоўшыся воддаль, з вінтоўкамі напагатове пільнавалі іх на выпадак уцёкаў. Але ўцякаць мог хіба адзін Зыль, ды, можа, яшчэ Малаковіч. Хаця Малаковіча на выхадзе дужа выцяў у грудзі адзін паліцай, і ён стаяў цяпер, сагнуўшыся, ля фурманкі і кашляў, раз за разам плюючы ў траву. Толькі Зыль з выгляду быў так сабе, непрыкметна нават, што яго білі, і Агееў каторы раз падумаў: няўжо і яго расстраляюць? Падобна, ён чалавек «іхні» і хутка яго адлучаць ад усёй кампаніі.