Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 330

Васіль Быкаў

Так думаў Агееў, але бязлітасны ваенны лёс, мабыць, і яшчэ рыхтаваў яму нешта са сваіх пачварных сюрпрызаў.

Пасля, як пайшоў шэф раёна, ён расслабіўся і, перасільваючы боль у знявечаным целе, страціў адчуванне. Можа, страціў прытомнасць ці забыўся ў мутным прывідным сне. Ён не ведаў, колькі часу доўжыўся той яго замутнёны стан, але апрытомнеў ён ад нейкай валтузні, побач паявіліся новыя людзі. Калі ён прыўзняў галаву, дзверы ўжо зачыніліся з таго боку, было па-ранейшаму цёмна, але побач, хваравіта стогнучы, хтось шавяліўся і хтосьці яго суцяшаў:

— Ну ціха, ну ціха… Во так, ляж на бачок… На бачок ляж, во так…

Голас быў незнаёмы Агееву, і ён зноў упаў плячмі на волглую салому падсцілкі, не ведаючы, як зручней уладкаваць галаву — левая палавіна твару балела ад скроні да падбароддзя, у роце балюча пухнуў язык, які ўжо ледзьве ўмяшчаўся ў пабітых пашчэнках.

— Піць! — раптам знаёма прастагнаў чалавек насупраць, і другі, што быў з ім, пачаў ціха яго ўгаворваць:

— Дык няма ж вады. Панімаеш, няма… Пацярпі, сынок. Пацярпі…

«Які сынок? Чаму сынок? — прамільгнула ў свядомасці ў Агеева. — Гэта што — бацька з сынам?..» Штосьці знаёмае здалося яму ў тым стогне, і Агееў насцярожыўся. Аднак ён маўчаў, не хочучы выдаваць сваю тут прысутнасць. Цяпер яму не быў патрэбны ніхто, ён хацеў застацца сам-насам з сабой і сваім несціханым болем. Але гэтыя новыя арыштаваныя трывожылі ягоны спакой сваім яшчэ, можа, больш бязлітасным болем.

— Таварыш, вы гэта самае… жывы, можа? — ціха загаварыў да яго адзін з двух, і Агееў, крыва ўсміхнуўшыся, адказаў:

— Трошкі жывы…

І ўхапіўся рукою за сківіцу, якую адразу скрывіла ад болю.

— Тут во хлопцу кепска. Каб вады папрасіць.

— Ніхто не пачуе, — сказаў ён, перамагаючы боль, і падумаў: хто гэта? Чорт бы яе ўзяў, тую цемру, якая нічога не давала згледзець у гэтым сутарэнні.

— А нас заўтра будуць расстрэльваць. Ведаеце? — даверліва паведаміў чалавек.

— Вас? — вырвалася ў Агеева.

— Дык і вас тожа, — уздыхнуў чалавек. — Вы ж той ваенны, што ў Бараноўскай жыў?

Агееў збянтэжыўся, не ведаючы, што сказаць.

— А вы адкуль знаеце? Немцы сказалі?

— Паліцай знаёмы адзін.

Як Агееў ні рыхтаваўся да сваёй смерці і як ужо ні зжыўся з думкаю пра яе непазбежнасць, гэтыя словы перуном выцялі па яго свядомасці, і ён ледзьве зноў не страціў прытомнасць. Але ўсё ж ён намогся, сабраў у адно нешматлікія свае сілы і пастараўся пераканаць сябе, што нічога нечаканага не адбылося, усё ідзе, як і павінна ісці. Можа, так яно будзе і лепш. Усё ж расстрэл для салдата заўжды лепш, чым вісельня, — не трэба будзе гойдацца на пацеху ворагам, адразу ляжа ў зямлю, і ўсё. А смерць — яна справа імгненная.