Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 329
Васіль Быкаў
— Пан шэф раёна пытаецца, хто вас прымусіў шкодзіць германскім войскам?
— Ніхто мяне не прымушаў, — буркнуў Агееў, і тады немец зноў, надта картавячы, сказаў доўгую фразу.
— Чаму вы, рускі афіцэр, не здаліся ў палон, калі ўбачылі, што супраціўленне бескарыснае і вайна прайграна? — чужым, цвёрдым голасам перакладаў Кавешка. Неяк аддалена слухаючы яго, Агееў падумаў: во пачаў цягаць каштаны яго землячок.
— Яшчэ не вядома, кім яна прайграна, — сказаў Агееў, і немец, выслухаўшы пераклад, ціха кінуў: «Варум?»
— Чаму вы лічыце, што невядома?
— Таму што кішка тонкая ў вашага Гітлера.
Кавешка шматслоўна пераклаў. Немец памаўчаў, хмыкнуў і зноў сказаў доўгую фразу, выслухаўшы якую Кавешка згодна пацвердзіў: «Я, я».
— Пан шэф раёна кажа, што дурная ўпартасць не робіць гонару цывілізаванаму чалавеку. Што ж да славяніна, дык, хаця гэтая якасць у ягонай крыві, яна яму надта шкодзіць. Куды болей разумна цвяроза пра тое падумаць і зрабіць свой выбар.
— Свой выбар я ўжо зрабіў.
— Вы памыліліся з выбарам, — сказаў Кавешка.
— А гэта мая справа.
Немец зноў штось загаварыў сваім ціхім голасам.
— Калі вы патрыёт, — пачаў перакладаць Кавешка, — што ў дадзеных абставінах можна зразумець, дык вы павінны быць нам удзячны. Папярэдзіўшы ваш бандыцкі замах, мы пакараем некалькі вінаватых. Іначай былі б расстраляны сто заложнікаў.
— Гундэрт цывільмэншэн! — са значэнне паўтарыў шэф раёна.
— Гэта вы ўмееце, — ціха сказаў Агееў і запытаўся: — Дык калі вы мяне расстраляеце?
— Яны абмеркавалі штось па-нямецку, і Кавешка холадна вытлумачыў:
— Гэта будзе ў зручны для ўлады час. Паводле рашэння СД і паліцыі бяспекі.
— Даволі няпэна, — сказаў Агееў. — Але і за тое дзякуй…
Кавешка, аднак, пакінуў ягоныя словы без адказу, цяпер усю сваю ўвагу ён перанёс на немцаў. Электрычны прамень з ліхтарыка, які ўвесь час сляпіў Агеева, слізгануў убок, пад ногі, на парог, — боты сталі паварочвацца наскамі да выхада. Агееў адразу расслабіўся, уздыхнуў. Толькі цяпер ён заўважыў, у якім напружанні быў увесь гэты час, унутры ў яго, бы напятая струна, усё балюча трымцела, і ён сціскаўся ад болю ў баку, чакаючы невядома чаго. Хаця чаго ўжо было чакаць ці чаго баяцца, чаго сцерагчыся? Ён быў раздушаны, скатаваны, скалечаны і чакаў апошняга, чаго мог дачакацца; нічога, здавалася, не магло яго ні ўзрадаваць, ні засмуціць. Не зважаючы на ўсе захады Кавешкі, надзеі ў яго не прыбавілася, і ён добра адчуваў, што час яго скончаны. Вядома, яны жывым яго адсюль не выпусцяць. Ну, а калі б і надумалі выпусціць, куды б ён пабег? Следам яны ж бы пусцілі слых, што ён іхні агент Непанятлівы, і ад яго адхіснуцца ўсе. Той жа Малаковіч першы запатрабуе расправы над ім, і гэта зразумела. Мабыць, на яго месцы Агееў паводзіў бы сябе таксама. Зрэшты, можа, так будзе і лепш, жывым яму заставацца нельга, цяпер для яго адзінае выйсце — пагібель, і найхутчэй. Ён трапіў у бязлітасныя жорны вайны, гэтыя жорны змелюць яго на муку. Дзесь ён дапусціў памылку, зрабіў не тое, збочыў не ў тым напрамку на крывавым раздарожжы вайны, і вось вынік. Вынік — абсалютны нуль.