Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 328

Васіль Быкаў

— У дадзеным выпадку, ага, немцам. Бо ўжо зразумела, што ім нележыць будучыня.

— А нам?

— Што? Не зразумеў?

— А што належыць нам? Вялікая магіла? — запытаўся Агееў.

— А мы павінны прыстасавацца, можа быць, нават асімілявацца, растварыцца ў германскай стыхіі. Калі мы не хочам знікнуць фізічна. Іншага выйсця ў нас няма, — пранікнёным голасам загаварыў Кавешка, яўна імкнучыся ў чымсь пераканаць Агеева. Але Агееву было непрыемна і пакутна ва ўсіх адносінах прадаўжаць гэтую размову, і ён злосна выпаліў:

— Будзь ён пракляты, той выхад. Ужо лепш магіла…

Кавешка памаўчаў, пратупаў з ліхтаром да дзвярэй і зноў павярнуўся да яго.

— А вось з магілай не трэба спяшацца, бо… Бо гісторыя здольная на нечаканасці. Часам робіць выбрыкі насуперак уласнай логіцы і дае ўпушчаны шанц.

«Ну і ну! — падумаў Агееў. — Чаго дамагаецца гэты чалавек? І хто ён? Поп? Ксёндз? Паліцэйскі? Ці хітры гестапавец?»

Але Кавешка тут жа ўсё сам растлумачыў:

— Справа ў тым, што… Зараз сюды прыйдзе шэф раёна. Ён хоча на вас паглядзець. Сярод немцаў, ведаеце, размовы: злоўлены і выкрыты, а ўпіраецца. І не просіць літасці. Гэта, ведаеце, уражвае сентыментальныя германскія душы. Такое для іх — навіна.

«Значыць, ужо прадаў немцам, сволач!» — з нянавісцю падумаў Агееў пра Драздзенку. А казаў, што яшчэ ёсць час. Не паспеў схапіць, як ужо данёс у СД. Каб выслужыцца. Ухапіць свой каштан. Зрэшты, Драздзенка помсціў яму і па асабістых прычынах. За тое, што Агееў яго падвёў, зрабіў несумленна. Як быццам для гэтых людзей існавала такое паняцце — сумленне. «Качэляў» яму было мала, дык вось паспяшаўся перадаць немцам.

Цяпер, канечне, ягонай справе — кранты.

Прыўзняўшы ліхтар, Кавешка пасвяціў ім на выняты з кішаня гадзіннік і сказаў з непакоем:

— О, ужо дзесяць. Дык вы гэта, ведаеце, каб ветліва з ім. Доктар Штумбахер — чалавек тонкі, адукаваны. Працаваў у імперскім упраўленні па культуры. Так што…

— Дык што яму трэба?

— Здаецца, нічога. Пабяседаваць, пазнаёміцца.

— Пазнаёміцца са смертнікам? Паказытаць нервы?

— Хто знае, хто знае, — няпэўна падхапіў Кавешка. — Калі да яго ветліва і з павагай… Ці, скажам, папросіце. Ён мае вялікую ўладу. Можа і таго… Памілаваць.

Ну, усё зразумела, падумаў Агееў. Я павінен не траціць надзею. На выпадак. На міласць шэфа раёна. І, вядома, паводзіць сябе адпаведна. Раскаяцца, прызнацца… Выдаць хлопцаў, Марыю. Але ж усё роўна яны не памілуюць.

— А што, мяне ўжо асудзілі? — запытаўся, падумаўшы, Агееў.

— Ну, знаеце, цяпер суд кароткі, — развёў рукамі Кавешка, махнуўшы закурэлым ліхтаром, чырвоны агеньчык якога ледзьве адольваў змрок прасторнага сутарэння. Але вось Кавешка трывожна страпянуўся, паспешліва ступіў да дзвярэй — мабыць, ягоны слых раней за Агеева злавіў рух у калідоры, і ён расчыніў дзверы, свецячы за парог. У той жа час, аднак, святло ягонага ліхтара і прыцьмела пад яркім прамянём з калідора. У камеру ўвайшло некалькі чалавек у шархоткіх плашчах, яркае святло электрычнага ліхтарыка з рук пярэдняга матлянулася па голай сцяне і, асляпіўшы Агеева, спынілася на ім. Кавешка таропка загаманіў па-нямецку, астатнія ўважліва і моўчкі слухалі. Тым часам электрычны прамень бесцырымонна абмацваў Агеева ў доле, трохі затрымаўся на ягоных ботах, пасвяціў на сінія камандзірскія брыджы і зноў ударыў у вочы. Зусім аслеплены ім, Агееў не мог убачыць таго, хто свяціў, хіба вышэй, пад змрочнаю столлю, трохі вылучаліся абрысы яго высокай фуражкі. Немец штосьці ціха сказаў, і Кавешка павярнуўся да Агеева: