Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 327

Васіль Быкаў

— Я вам скажу: чалавеку ўласціва такое атавістычнае пачуццё — насалода чужымі пакутамі. Увогуле пачуццё тое мае кожная здаровая натура, адна ў большай, другая ў меншай ступені, і тут нічога не зробіш: прырода! У часе вайны або рэвалюцыі асабліва. Як вы чуецеся? — нечакана запытаўся ён.

— Выдатна, — выціснуў з сябе Агееў і не ў лад са сваімі пачуццямі крыкнуў: — Вады! Дайце вады!..

Тут жа, аднак, падумаў, што дарма не стрымаўся, наўрад ці варта было прасіць вады ў гэтага чалавека. На яго здзіўленне, Кавешка з ліхтаром паслухмяна павярнуўся да дзвярэй.

— Гэй там!.. Дайце вады…

Ён зноў павярнуў ліхтар, скіроўваючы святло ў камеру, пасвяціў на Агеева. Агееў маўчаў, пакутуючы ад смагі, тупога глыбокага болю ў баку і асабліва — у сківіцы. Ён не меў ні сілы, ні жадання размаўляць з інтэлектуальным земляком, ды яшчэ на такія далёкія тэмы. Але, здаецца, Кавешка нічога іншага ад яго і не хацеў.

— Во як яно палучаецца! Няшчасная нацыя! Беларусіны на працягу ўсёй сваёй гісторыі выконвалі чужыя ролі не імі напісаных п’ес. Цягалі каштаны з агню для чужых інтарэсаў. Для літоўскіх, для польскіх, для расійскіх, канечне. Што знычыць празяваць свой час, праспаць свой цягнік.

— Які цягнік? — не зразумеўшы, прахрыпеў Агееў, расплюшчыў і зноў заплюшчыў адзінае сваё відушчае вока.

— Гістарычны, канечне. Мы яго праваронілі, дарагі, а цягнікі, як вядома, назад не вяртаюцца. Ходу назад гісторыя не мае. Во напаіце яго.

— Адплюшчыўшы вока, Агееў убачыў перад сабой круглы салдацкі кацялок і прагна прыпаў да яго разбітымі вуснамі. Не спыняючыся, ён выпіў усю ваду і знясілена апусціў рукі. Кавешка спытаў:

— Яшчэ?

— Дайце і яшчэ, — сказаў ён, падумаўшы, што, пакуль ёсць магчымасць, трэба напіцца ўволю. Пасля могуць не даць.

— Прынясіце яшчэ, — распарадзіўся Кавешка і, гойдаючы ліхтаром, пратупаў па камеры. Адным вокам Агееў павёў па цьмяных водблісках на змрочных сценах — не, быццам ніякага цвіка нідзе не было, акна таксама. Толькі ў дзвярах чарнела невялікая круглая дзірка з цёмнага падземнага праходу.

— А цяпер яны скарысталі вас, — паварочваючыся ад сцяны, прадаўжаў Кавешка. — Каб цягаць каштаны з эўрапейскага вогнішча. Навошта гэтыя недарэчныя плады беларусінам?

Агееў раптам зразумеў, пра што ён, і з некаторым здзіўленнем зірнуў на цьмяную постаць у капелюшы, якая касым ценем выцягнулася па сцяне сутарэння.

— А вы для каго цягаеце? Гэтыя каштаны? — ледзьве рухаючы разбітай сківіцай, запытаў ён.

Кавешка азадачана памаўчаў, перш чым адказаць, уздыхнуў.

— Гэта праўда. І я цягаю, — раптам сумна пагадзіўся ён. — што рабіць, такая гістарычная заканамернасць. Але я з той хіба розніцай, што ўзнагародаю мне будзе жыццё, а вам, здаецца, смерць. Так вось, — пакорліва скончыў ён. — Хіба гэта разумна.

— У кожнага свой розум.

— Во гэта і кепска. У судзьбаносныя моманты гісторыі трэба ўмець падпарадкаваць свой розум логіцы гістарычнага працэсу.

— Значыць, немцам? — трымаючыся за разбітую шчаку, буркнуў Агееў.