Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 326

Васіль Быкаў

— Эй, піць! Дайце піць!

Замест крыку, аднак, у сутарэнні глуха прагучаў і захліпнуўся яго хрыплы шэпт, які наўрад ці хто тут пачуў. Агееў зноў паваліўся на дол — на слізкую саламяную падсцілку.

Аднак гэты раз ён быў пры памяці і, можа, упершыню падумаў пра свой лёс. Хаця які ўжо там лёс, думаў ён, засталіся рэшткі сілы ў знявечаным целе, і, мабыць, чым хутчэй яны скончацца, тым будзе лепш. У такіх пакутах жыць доўга нельга, ды і ці трэба. Нашто жыць, каму ад таго карысць? Хіба што паліцаям і немцам, якія нават на парозе смерці будуць катаваць, каб штосьці ад цябе дазнацца. «А што, калі…» — нясмела падумаў ён і зараз жа ўхапіўся за тую сваю нечаканую думку. Думка пра самагубства здалася яму найбольш прыдатнай, ён памацаў паясніцу — не, дзягі ў яго не было, мабыць, знялі ў школе, калі адчэплівалі ад падвескі. Можа, разадраць на палосы вышытую кашулю? Але ці вытрымае тонкая тканіна ягонае цела? Зноў жа, за што зачапіць? Напэўна, спярша трэба было знайсці які-небудзь крук, цвік у сцяне, краты ў акне ці яшчэ што. Новы намер захапіў яго, і Агееў пачаў пакутна мацаць рукамі па шархоткіх камянях сцяны, абследаваць усе яе выступы і ямкі. Пакуль што, аднак, не траплялася нічога прыдатнага. Ды і было нізка, трэба было пашукаць вышэй.

З натугай і дрыготкаю ў целе ён прыўстаў на каленях, болей абапіраючыся на правае калена, бо левае кепска згіналася ад пухліны і балела, памацаў над галавой. Але скрозь была амаль роўная мураваная сцяна, без асаблівых выступаў ці ямак. Ён не ведаў, у якім баку былі дзверы, і баяўся наткнуцца на іх, каб знянацку не выдаць сябе за гэтым заняткам. Усё трэба было зрабіць тайна і ціха. Але ён яшчэ не дайшоў да дзвярэй, як дзесь у сутарэнні пачуліся галасы, на сцяне ўзнікла светлаватая плямка, яна рабілася ярчэйшаю, і вось з таго боку глуха стукнула, падаючы, дзвярная засаўка. Дзверы расчыніліся. Нізка над парогам праз дужа задымленае шкло свяціўся агеньчык «лятучай мышы», ён ледзьве асвятліў некалькі пар запэцканых гразёю ботаў. Пярэднія з іх пераступілі парог, і ліхтар прыўзняўся, цьмяна асвятляючы частку долу з утаптанай саломай.

— Пабудзьце там, — кінуў пярэдні астатнім, і дзверы за ім зачыніліся.

Гэта быў Кавешка, які, прыўзняўшы ліхтар, пасвяціў на Агеева.

— Да… Аднак аздобілі яны вас, — сказаў ён і ўздыхнуў, нібыта зусім спачувальна.

Агееў знясілена абвяў, упёршыся плячмі ў цвёрдыя камяні сцяны. Спачувальны тон Кавешкі ўжо не мог ашукаць яго, ён ведаў, што можа спатрэбіцца гэтаму чалавеку. Але дарма стараюцца. Ён не паддаўся Драздзенку, не паддасца і Кавешку, не зважаючы ні на якія яго спачуванні. Яму ўжо была вядома сапраўдная цана гэтых яго спачуванняў. Аднак Кавешка быццам бы не спяшаўся раскрываць свае патрэбы, з якімі прыйшоў у сутарэнне, і, як заўжды, пачаў здалёку.