Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 322

Васіль Быкаў

— Ну, прадоўжым размову, — нібы нічога не здарылася, спакойна сказаў Драздзенка і зайшоў за стол. — Як салдат з салдатам. Без нерваў і істэрыкі. Скажы, чаму ты мяне вадзіў за нос? Я ж хацеў для цябе дабра. Ці ты, дурная твая башка, не сцяміў! Ці ты прывык за Саветамі адказваць подласцю на дабро? Што маўчыш, гавары!

Агееў маўчаў. Для таго, каб прадаўжаць гэтую размову, трэба было супакоіцца, а ўнутры ў яго ўсё хваравіта трымцела, яго душылі крыўда і гнеў — ад сваёй бездапаможнасці, ад немагчымасці абараніць Марыю. Яны яе білі, калечылі, зневажалі і ганьбілі амаль на яго вачах, а ён павінен быў напускаць на сябе абыякавасць, нічым не могучы памагчы ёй. Усё тое зневажала яго і было падобна на подласць. А гэты канавал яшчэ клікаў на дурную размову пра няўдзячнасць за ўсё добрае.

Драздзенка зноў закурыў сваю цыгарэту, плюхнуўся ў крэсла за сталом.

— Ты ўлічы, у мяне няшмат часу. У нас наогул мала часу. Пакуль у гэтую справу не ўмяшалася СД, мы яшчэ можам штось згладзіць. Але пры ўмове поўнага прызнання з вашага боку. А калі ўмяшаецца СД, дык ваша песня цю-цю! Будзе скончана. Тады вас ніхто не ўратуе.

«Панятна, — падумаў Агееў. — Закідвае кручок з надзеяй».

Не, мабыць, спадзявацца ўжо не было на што, з гэтай кніжкай яны яго злавілі грунтоўна. Тут ён спудлаваў грандыёзна і, здаецца, заплоціць за тое жыццём. Але і Марыя таксама. Хоць бы ўдалося як-небудзь працягнуць час…

— Такая справа… Ці нельга сесці? У мяне ж нага…

— Сядай. Вунь бяры стул і сядай.

Агееў прысеў на адно з двух крэслаў, што стаялі ля шафы збоч ад стала начальніка.

— Тут такая справа, — напружана згадваючы, пачаў ён. — У мяне аднаго разу начаваў чалавек. Я ж жыў у застаронку, мабыць жа, вы бачылі — на тапчане. А ён палез на гарышча. Сказаў, што знаёмы гаспадыні…

— Так, так… Ну? — прыспешыў яго Драздзенка. — Які чалавек? Як прозвішча?

— Не назваўся. Сказаў, што з вёскі.

— З якой вёскі?

— Не сказаў. Я не пытаўся.

— Не пытаўся, а пусціў! Ды ты ведаеш, што ёсць загад палявога каменданта? За прадстаўленне начлегу без ведама ўлады — расстрэл!

— Не ведаю. Я ж нідзе не бываю. Загадаў не чытаў.

— Ну, а далей?

— Ну што далей… Ён раніцай пайшоў. Можа, ён і браў кнігу.

— Лжэш! — выцяў кулаком па стале Драздзенка. — Лжэш! — крыкнуў ён і ўскочыў з крэсла. — Дарослы мужчына, сярэдні камандзір, а выкручваешся, бы подлая сука! Сумлення ў цябе няма! Простай салдацкай мужнасці. Трусіш, як пёс! Ты ж звязаны з лесам, прымаў адтуль агентуру. Адтуль і тол. Для дыверсій на станцыі!

Агееў спакойна выслухаў усё тое і ўсміхнуўся. Гэты нягоднік папракае яго ў несумленнасці. Гэта ж трэба! Агееў нават здзівіўся. Ён пачаў быў ужо спакайнець і адчуў, што, не зважаючы на паказную злосць, усё ж у Драздзенкі не было грунтоўнай упэўненасці ў яго крыклівых словах, усё ж у ягонай душы, здаецца, стаілася сумненне. Для пачатку гэта было нядрэнна, і ён сказаў, усміхнуўшыся:

— Канечне, ты можаш думаць як хочаш. Як табе прасцей. Але наўрад ці так будзе лепш для справы.

Драздзенка, падобна было, здзівіўся.

— Для якой справы?

— Для вашай жа справы. У мяне якая справа? Я — шавец.