Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 321

Васіль Быкаў

— Якую ўзрыўчатку? Якой Марыі?

— Ах, ты не ведаеш, якой Марыі?! Чарамісін! — гаркнуў начальнік паліцыі і, калі дзверы з калідора адчыніліся, загадаў: — Прывядзі тую!

Сэрца ў Агеева па-здрадніцку страпянулася, у вачах прыцьмела, і ён увесь сцяўся ў прадчуванні найгоршага. Аднак Чарамісін марудзіў, мабыць, бегаў куды, і Драздзенка з непадробнаю асабістай крыўдай пачаў лаяць Агеева:

— Эх ты, сука! А я цябе пакрываў! Намеснікам хацеў зрабіць. А цяпер ты здохнеш, і пашкадаваць не будзе каму.

— Гэта магчыма, — марудна авалодваючы сабой, сказаў Агееў. — Калі вы так… без разбору.

— Без разбору? Мы разбярэмся, не думай…

Дзверы ціха адчыніліся, і ў кабінет ціха ўвайшла мілая яго Марыя, адзін толькі позірк на якую прымусіў Агеева ўнутрана здрыгануцца. Цёплай вязанай кофты на ёй ужо не было, з-пад разадранага на спіне сарафаніка востра тырчалі голыя плечы, усе ў драпінах і сіняках ад пабояў, на левай шчацэ пад вокам цямнелася сіняя пляма, распухлыя вусны сачыліся крывёй. Хуткім позіркам яна слізганула па кабінеце, ледзь-ледзь затрымала позірк на Агееве, нічым, аднак, не адзначыўшы свайго да яго пачуцця, і ўставілася ў Драздзенку.

— Ну, пазнаеш? — запытаўся ў яго начальнік паліцыі.

— Не памятаю.

— Не памятаеш!.. А ты? — кіўнуў ён Марыі.

— Я памятаю. Гэта сапожнік, што ў Бараноўскай жыў, — слабым, з дрыготкай голасам сказала Марыя і змоўкла, уся ў насцярожанай пакутнай увазе.

— Сустракаліся?

— Аднойчы рамантавала туфлі. Во гэтыя, — Марыя варухнула запэцканымі ў гразь наскамі яму добра знаёмых лодачак.

— Ну, ці мала каму я рамантаваў! Усіх не прыпомню. Можа, і ёй рамантаваў, — з робленай лёгкасцю сказаў Агееў.

— Рамантаваў і завербаваў! Вот гэтую дуру! — вызверыўся на абаіх Драздзенка. — Толу ёй нагрузіў! Нясі на станцыю. Падумаў, куды пасылаў? На смерць пасылаў!..

— Я нікуды не пасылаў, — спрабаваў пакрыўдзіцца Агееў.

— А хто пасылаў? Хто?

— Я ж вам сказала, — хуценька ўставіла Марыя. — Дзядзька адзін папрасіў на базары аднесці, сказаў — мыла, што я ведала…

— Маўчаць! — зароў Драздзенка.

Але было позна. Агееў ужо зразумеў, да каго былі звернуты гэтыя словы Марыі, і радасна адзначыў сабе ў думках: малайчына, значыць, не выдала!.. Значыць, Марыя не выдала, цяпер гэта для яго было важней за ўсё іншае. Драздзенка тым часам падскочыў да Марыі, дужым вялікім кулаком памахаў перад разбітым тварам дзяўчыны.

— Ты мне памаўчы! З табой мы яшчэ разбярэмся, блядзюшка!

— А са мной няма чаго разбірацца! Будзеце біць, я вам не скажу нічога! — крыкнула яна з нянавісцю і такім гневам у вачах, што Агееў спалохаўся: будзе і горш.

— Скажаш! — проста паабяцаў Драздзенка. — Скажаш!

— Падонак! — толькі і крыкнула яна ў адказ.

— Чарамісін! — роўным голасам паклікаў Драздзенка. — Вядзі!

З дзвярэй выскачыў Чарамісін і ўхапіў Марыю за руку. Агееў бачыў, як яна пахіснулася і, ступіўшы два крокі, схавалася ў калідоры — назаўжды знікла з яго жыцця і, магчыма, з жыцця наогул. Агееў марудна, пакрысе ачуньваў, галоўнае ён ужо зразумеў: Марыя яго не выдала, сталася нешта іншае. Ці выдаў хтось іншы.