Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 324

Васіль Быкаў

— Што ж, дзякуй і за тое, — паныла ўздыхнуў Агееў. — Толькі я ні пры чым. Ды і Марыя тожа.

— Думаеш, і Марыя тожа?

— Канечне, ні пры чым! Абдурылі на базары, а яна што — дзяўчо!

— Дзяўчо?

— Дзяўчо, канечне! — сказаў ён і зірнуў у вочы Драздзенкі, якія раптам узгарэліся нядобрым агнём. Начальнік паліцыі жвава ўскочыў з крэсла.

— Ага! Во! Во! Во гэтага я і чакаў! Калі ты пачнеш яе выгароджваць. Значыць, яна з табой! І ты яе выдаў. І сябе таксама!

— Ды я нічога, — зразумеўшы, што дапусціў промах, з робленым спакоем сказаў Агееў. — Што мне Марыя…

— Не, не што! Ты з ёй быў звязаны. Ты спаў з ёй! Дзе, скажы, яна месяц хавалася? — на ўсё горла крычаў перад ім Драздзенка, і Агееў чакаў: ударыць. Але не ўдарыў. Агееў сутаргава праглынуў сліну.

— Дарма разараешся, начальнік, — аднак цвёрда заўважыў ён. — Не там капаеш.

— Я ведаю, дзе капаць! Цяпер мне шмат што адкрылася. Астатняе сам скажаш. Мы з цябе выцягнем. Чарамісін! — закрычаў ён на ўвесь кабінет. — На качэлі!

Гэтыя яго словы пра качэлі Агееў успамінаў пасля доўга, некалькі дзён лежачы на баку ў сваім цёмным закутку і адхаркваючы згусцелае ашмоцце крыві. Здаецца, яны яго добра знявечылі ў школьным склепе, выбілі два верхнія зубы, падобна, адбілі печань — так тупа і моцна балела ў баку. Але дзе цяпер не балела? Усё яго цела было цяпер суцэльным увасабленнем болю, ён не мог без болю нават крануцца, уздыхнуць хоць бы на палову лёгкіх і дыхаў толькі ледзь-ледзь, аднымі іх верхавінамі. Твар яго быў разбіты ў кроў, левае вока заплыло пухлінай, і ён нічога не бачыў ім, з раны, якая адкрылася на назе, чутна было, плыла ў штаніну кроў. Вельмі балела ў другім баку, дзе селязёнка і куды яго дужа ўдарыў мардаты паліцай з пудовымі кулакамі. Лётаючы тады ў склепе на падвешаным да столі рамяні, ледзьве чапляючы за бетонны дол наскамі ботаў, Агееў хутка зразумеў, што самых балючых удараў трэба чакаць менавіта ад таго паліцая ў суконным саматканым фрэнчы з шырокімі накладнымі кішанямі. Пасля кожнага яго ўдару Агееў ляцеў далёка ў бок, дзе, стоячы ў цяні пад высокім акенцам, яго сустракаў наступны. Рукі Агеева былі звязаны ззаду, падвесіўшы да столі, паліцаі пусцілі яго, бы маятнік ці качэлі, з той толькі розніцай, што маятнік ці качэлі мелі нейкі парадак, рытм руху — яго ж кідалі, як валейбольны мяч — ад аднаго да другога. Паліцаяў там было ўсяго чацвёра — дбайных добраахвотнікаў з тых, што, чакаючы нейкае справы, сноўдалі ў калідоры, і іхні начальнік Драздзенка строгімі выкрыкамі кіраваў гэтай расправай:

— Так, Равуноў, сільней! Сільней бей, чаго далікатнічаеш, як з дзеўкай! Во, правільна! Прымай, Смутчык!.. Так! Ану, Пахом, развярніся!.. Ну, ты — так сцяну праламаеш!

Гэты мардаты Пахом магутным баксёрскім ударам пасылаў Агеева далёка наперад, і ён, бы рыбіна, хапаючы ротам паветра, выкручваўся на рамяні, з усяе сілы імкнучыся ўхіліцца ад удараў у жывот і паміж нагамі. У наступным куце яго сустракаў Сутчык, субціліны хлапчук, на выгляд яшчэ падлетак, той болей стараўся, аднак, выцяць у твар; два ці тры ўдары яго не зрабілі Агееву вялікае шкоды, затое наступны трапіў у вока, і тое адразу пачало заплываць балючай пухлінай. Перастаўшы ім бачыць, Агееў абвіслым мяхом зігзагамі лётаў па склепе і прагнуў толькі аднаго — каб усё хутчэй скончылася.