Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 323

Васіль Быкаў

Драздзенка ўсеўся за стол, вялікай пяцярнёй нервова ўскудлаціў цёмныя валасы на галаве.

— Скажы, дзе ты з ёй знюхаўся?

— З кім?

— З Марыяй.

— Нічога я з ёй не знюхаўся. Я нават не ведаю, што яе клічуць Марыя.

— А сумка? — зноў утаропіўся ў яго Драздзенка.

— Не ведаю я гэтай сумкі. Першы раз бачу.

— Тэ, тэ, тэ! — перадражніў начальнік паліцыі. — Во на гэтай сумачцы яна і пагарэла. І ты разам з ёй тожа. Адкруціцца вам не ўдасца.

— Што ж, — уздыхнуў Агееў. — Калі вы так рашылі…

Драздзенка з цыгарэтай у роце перабраў нейкія паперы на стале, знайшоў спісаны аркуш.

— Апішы знешнасць таго, хто начаваў.

«Ага! — радасна падумаў Агееў. — Усё ж клюнуў! Не мог не клюнуць…» І, напружваючы ўяўленне, ён пачаў апісваць:

— Значыць, так. Быў вечар, марасіў дожджык. Ён і пастукаў. Я адчыніў. Сказаў: ад Бараноўскай.

— Так і сказаў: ад Бараноўскай? — недаверліва, праз дым пакасіўся на яго Драздзенка.

— Так і сказаў. Я яшчэ запытаўся: як яна? Ён кажа: у парадку.

— А дзе — у парадку?

— Таго не сказаў.

— Якога прыкладна ўзросту?

— Ну, так, сярэдняга, — разважна гаварыў Агееў, раптам сцяміўшы, што, магчыма, яны пачнуць дабівацца ад Марыі звестак пра дзядзьку, што даў ёй кашолку з «мылам». Вось калі б яе паказанні супалі з ягонымі… Мабыць, для таго трэба апісваць начлежніка як мага няпэўна. — Ведаеш, было цёмна. Але, здаецца, сярэдняга.

— У што апрануты?

— Апрануты быў у нейкую куртку, можа, паддзёўку, ці, не выключана, — у плашч…

— Дык у плашч або куртку? — не стрываў Драздзенка. Той ужо ўзяўся запісваць яго паказанні і, мабыць, не ведаў, што запісаць.

— Чорт яго, цяжка было згледзець. Калі б ведаць…

— А абуты як?

— Абуты наўродзе ў боты. Ці, можа, у гамашы…

— Не ў лапці?

— Можа, і ў лапці… Хаця не, не ў лапці.

— Дык у боты, гамашы ці ў лапці? Што запісаць?

— Наўродзе ў бацінкі. Было кепска відаць.

Драздзенка шпурлянуў аловак на стол.

— Гаўно ты, а не сведка! Нічарта запомніць не мог. Ці сказаць не хочаш, выкручваешся?

— Я не выкручваюся.

— Ну, а гаварыў ён як? Па-руску, па-беларуску?

— Мешана, — падумаўшы, сказаў Агееў. — Слова так, слова гэтак.

— Май на ўвазе, — строга папярэдзіў Драздзенка. — Дапусцім, ты некага выгарадзіш, выручыш ад пятлі. Але тым самым паставіш пад пятлю іншага. Можа, невінаватага. Ты думаў пра тое, даючы свае паказанні?

— Я нікога не выгароджваю. Мне няма каго выгароджваць, — сказаў Агееў і змоўк.

Тут, мабыць, Драздзенка гаварыў праўду: такая небяспека была. Сам таго не жадаючы, ён мог кагось і загубіць. Але як тады яму вывесці з-пад пятлі тую, на якой гэтая пятля павісла так блізка? Вось жа свалачная сітуацыя, думаў Агееў: не загубіўшы аднаго, не ўратуеш другога.

— Вось што! — памаўчаўшы, сказаў Драздзенка. — Мы будзем капаць. Але ты дужа не радуйся — на табе пятля! Толькі яшчэ не зашморгнутая. Яшчэ з яе можна выслізнуць, калі ва ўсім чэсна прызнацца. І ўсіх выдаць. Усіх вашых супольнікаў. Якіх ты пакрываеш. І якія цябе пакрываць не будуць, можаш быць упэўнены. Яны не дурні. Асабліва там, у СД. Там пераламаюць косці, і ўсё адкрыецца. Як на далоні. А пасля ўсіх — у яму.