Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 320

Васіль Быкаў

— Можна, начальнік?

— Давай сюды, Чарамісін, — пачулася з пакоя, калі дзверы адчыніліся. — А сам пачакай там…

Агееў ступіў у пакой і спыніўся. Мяркуючы па ўсім, тут быў кабінет дырэктара, мабыць, выкладчыка геаграфіі — з зашклёнай шафай у куце, глобусам на ёй. У прасценку паміж двума вокнамі вісела вялізная карта Эўропы, на фоне якой, грозна настырчыўшыся, стаяў начальнік паліцыі Драздзенка. Ён курыў і, як увайшоў Агееў, нервова пажаваўшы цыгарэту ў зубах, кінуў яе на падлогу.

— Ну, давай дамовімся. Будзем гуляць у жмуркі ці адразу папраўдзе? Падумай, што для цябе выгадней?

— Мне няма чаго думаць, — знарок пакрыўджана сказаў Агееў. Усё ж яму не было вядома, што яны дазналіся пра яго, у чым падазраюць.

— Ах, няма чаго думаць? — злосна здзівіўся Драздзенка. — Вельмі нават дарма. Я б на тваім месцы моцна задумаўся. Ёсць над чым.

Ён узяўся за спінку крэсла, але перш чым падсунуць яго і сесці, са значэннем паглядзеў на канец вялікага стала, дзе сярод папак і розных папер ляжалі нейкія рэчы. Зірнуўшы туды, Агееў адразу сцяміў, што ноччу яны, мабыць, папрацавалі няблага, добра перавярнулі сядзібу Бараноўскай. На стале ляжала акуратна, па-вайсковаму складзеная яго гімнасцёрка з трыма кубікамі ў чырвоных пятліцах, зверху на ёй — шырокі рамень, дакументы, паперы, камандзірскае пасведчанне і кандыдацкая картка, нейкая кніга без вокладкі. Пісталета, аднак, там не было. Драздзенка кіўнуў галавой.

— Ну, пазнаеш? Твае рэчы?

Агееў спакойна цепнуў плячмі.

— Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.

Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.

— А сумачка во гэтая?

Агееў амаль шчыра здзівіўся:

— З якой нагоды? Упершыню бачу.

— Значыць, не прызнаеш?

— Не прызнаю, — сцята сказаў Агееў.

— Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. — А вот гэтую абложку?

Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.

— Не!

— Сукін ты сын! — злосна аб’явіў Драздзенка. — Можы, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! З ададраным пераплётам! Во!

Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер…

— Дык што? Будзеш і далей адмаўляцца ці пачнём дзелавы разгавор?

Ён прамаўчаў, і Драздзенка, счакаўшы, уклаў кнігу ў вокладку, кінуў да кучы на гімнасцёрку.

— Чаго вы ад мяне хочаце? — нервова запытаўся Агееў. Здаецца, з кнігай адмаўляцца было бескарысна, але і не прызнавацца ж яму ва ўсім.

— Узрыўчатку Марыі ты даў? — запытаўся Драздзенка і ва ўпор пранізаў яго цяжкім злым позіркам.