Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 319

Васіль Быкаў

Неяк, аднак, неўпрыкмет для сябе задрамаў на падлозе — знерухомеў у скурчанай, нязручнай паставе і тут жа прахапіўся, пачуўшы невыразны рух за дзвярыма. Не было сумнення — ішлі да яго, і ён сеў, асільваючы сутаргавы боль у нагах, з натугай расплюшчыў вочы. У камеры ўжо стала відней, аднекуль праз маленькае акенца пад столлю цадзілася цьмянае святло першага ранку. Дзверы расчыніліся, але ён усё сядзеў, яшчэ не разумеючы, што трэба рабіць.

— Ну!

Гэта прагучала спакойна і ў той жа час са стрыманай злой пагрозай, якая дала Агееву зразумець, што трэба ўставаць і ісці. Праз цёмны падземны праход яны выйшлі да замшэлых каменных прыступак, і ён аслабела і паволі стаў паднімацца са склепа.

Тут ужо было відна, мабыць, толькі што настаў ранак. У сцюдзёным небе хутка мчалася шызае клочча аблокаў, дзьмуў моцны вецер — дробна трымцела паверхня дзвюх лужын ля сцежкі. Воддаль, за чорнымі надмагільнымі крыжамі, высілася некалькі магутных клёнаў з парадзелай рудой лістотай; такой жа лістотай была абсыпана дробная зялёная траўка ў куце мураванай агароджы царквы. Хістаючыся ад слабасці, Агееў пратупаў крайком лужын да вузенькіх веснічак пад цаглянай стральчатай аркай. Праседзеў ноч у царкве, не без іроніі падумаў ён, і не памаліўся… Усё ж шкада, не ўмеў, не навучылі. А можа, было б дарэчы ў ягоным становішчы…

За варотцамі адкрывалася шырокая, уся ў дробных лужынах і гразі, мабыць, кірмашовая плошча з плямамі конскіх круглякоў і рэштаю натрэсенага пасля кірмашу сена. Насупраць ля тэлеграфнага слупа з падпорынай стаяла фурманка, у якой нерухома сядзела старая цётка, а побач, мабыць, месцячыся, каб зручней сесці, корпалася цёпла і тоўста апранутая чырванашчокая маладуха; яна ўбачыла іх у варотцах і пужліва знерухомела, разявіўшы рот. Агееў азірнуўся на канваіра — то быў, здаецца, той самы рупны, ціхманы паліцай, што прывёў яго сюды ноччу, — танклявы малады хлапец са смуглявым усходнім тварам і вусікамі, апрануты ў паношаны чарвонаармейскі шынель са слядамі ад пятліц на каўняры, ён неяк загадкава — з затоеным страхам або трывогай — зірнуў на Агеева, і той ціха спытаў:

— Куды цяпер?

— Прама, — кіўнуў канваір, для пэўнасці ткнуўшы перад сабой ствалом рускай вінтоўкі.

Прама — значыць цераз плошчу і невялічкі сквер з маладых, амаль ужо голых тапалькоў да прысадзістай драўлянай будыніны — якой установы ці раённай бальніцы. Цяпер там, канечне, ужо не бальніца…

Сапраўды, гэта была не бальніца, да вайны тут хутчэй за ўсё размяшчалася школа, а цяпер, мяркуючы па мностве мужчын са зброяй, сталявалася паліцыя. На Агеева тут не звярнулі вялікай увагі, хаця ўсе, хто сустракаўся яму на двары ці з цыгаркаю ў зубах бавіў час у калідоры, з нядобрым халадком у вачах праводзілі яго, пакуль ён ішоў наперадзе канваіра, за рог калідора, дзе было цішэй і жаўцелі асобныя дзверы ў сцяне. Перш чым увайсці ў іх, канваір нямоцна пастукаў.