Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 318

Васіль Быкаў

Ляжаць было жахліва нязручна — мала, што цвёрда на няроўным каменным доле, дык яшчэ і не было куды выпрастаць ногі, якія ўвесь час упіраліся ў сцяну. Агееў не ведаў, што гэта было — карцэр, які ізалятар ці проста цесны закутак у царкоўным склепе, куды яго прывялі ноччу два маўклівыя канваіры з ліхтарыкам. Тут нікога болей не было чуваць, не далятала ніводнага гуку знадворку, і Агееў падумаў, што ён тут адзін. Спярша ён сядзеў, прыхінуўшыся спіной да сцюдзёных камянёў сцяны, потым устаў, пастаяў, зноў сеў. Пасля ўсяго перажытога за дзень уладарна даймала стома, хацелася легчы, ды ляжаць можна было хіба падкурчыўшы ногі. Але ў такім стане ногі нясцерпна нылі ў каленях, асабліва левая, хворая нага, ён увесь час варочаўся, вырушыў імі, хваравіта шукаючы лепшага месца, якога тут не было. Пакутуючы, ён чакаў, што яго павядуць на допыт або расправу — усё ж павінен Драздзенка спрабаваць з яго нешта выцягнуць перш, чым яго расстраляюць або павесяць. Але ішоў час, пакутна нылі на камянях яго косці, ад стомы звінела ўвушшу, а па яго ніхто не ішоў. І ён думаў, пакутаваў у неспакойным чаканні, шукаў прычыны свайго правалу, хоць шукаць ён мог, толькі мяркуючы і згадваючы без жаднае пэўнасці.

Галоўнае і самае жахлівае для яго было, аднак, зразумела: Марыя папалася. Яны яе ўзялі, мабыць, з яе ношай. Але як яны даведаліся пра яго? Выдала Марыя — прагаварылася, назвала? Канечне ж, магчымасцей дамагчыся, чаго ім хацелася, у іх хапала, тым больш ад такога нявопытнага, зялёнага дзяўчаці, напэўна ж, сілы для таго яны не шкадавалі. Але ўсё ж… Усё ж ён не хацеў верыць, што яна так хутка выдасць яго. Яна не магла яго выдаць, бо яна кахала яго, і такі ўдар з яе боку быў бы для яго страшней за правал, горш за пагібель.

Аднак і нічога іншага ён прыдумаць не мог — пра іхнія адносіны не ведала ніводная душа ў мястэчку — ні суседзі, ні паліцыя, ні нават свае. Як паліцыя магла звязаць яе з ім? Ды ўжо праз некалькі гадзін пасля яе арышту?

Напэўна, там, на сядзібе, яны рабілі вобыск — пераварочвалі ўсё дагары нагамі, як сказаў Драздзенка. Для таго, аднак, ім трэба пастарацца нямала — сядзіба вялікая. Але што яны знойдуць? Хіба парожнюю торбу ад толу, ягоныя дакументы… Ды яшчэ пісталет. Пісталет ён, канечне, дарма схаваў так блізка ад застаронка, усё роўна той не спатрэбіўся, а знойдуць — будзе ўліка. Хаця, як ні дзіўна, цяпер ён не надта перажываў за ўлікі, чамусьці ўсё зрабілася яму абыякавым, ён адчуваў, што галоўнае і самае страшнае ўжо адбылося і нічога паправіць нельга. Цяпер толькі б не дужа білі, толькі б хапіла сілы і волі па-людску скончыць жыццё.

Яшчэ яго турбаваў лёс Малаковіча, ці не праваліўся і ён на гэтай перадачы, калі, не дай бог, Марыю схапілі на станцыі, ля качагаркі. Тады маглі ўзяць абаіх. Можа, і яго зачапілі праз Малаковіча, усё ж пранюхаць аб іхняй сувязі было няцяжка. Маглі і здагадацца. Але дзе Малаковіч? Яшчэ на волі ці таксама сядзіць? Ці, можа, забілі? Усё ж у яго быў пісталет, і калі не пры сабе, дык, мабыць, бліжэй, чым у Агеева. А рашучасці ў гэтага лейтэнанта хапала, Агееў гэта ведаў даўно.