Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 309

Васіль Быкаў

Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў — гэтаксама, як некалі па-над сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. З хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.

— Духата, як у лазні, — проста паведаміў ён. — Ведаеце, пойдзем куды на паветра. Вецер каб…

— А вунь бугарок, — ступіўшы ад паркана, сказаў немалады мужчына ў кірзавых ботах. Еўсцігнееў падумаў, па-начальніцку агледзеўся.

— Правільна, Хаміч! Паклічце там каго… Вунь Скарахода з Панамарэнкам, — кіўнуў ён на двух мужчын, што ціха курылі на траве пад плотам. — Усё-такі ветэраны.

— І гэтага прыхапіць, ага? — з намёкам запытаў Хаміч, і Агееў пазнаў у ім чалавека, які на могілках нёс падушку з Сямёнавымі ўзнагародамі.

— Як хочаце, — махнуў Еўсцігнееў. — Пайшлі, таварыш Агееў.

Усё махаючы на сябе капелюшом, ён гаспадарскім крокам нетаропка пайшоў па падворку, каля хлявоў і дрывотні, гучна крэкнуўшы, падлез пад жардзіну ў гарод. Утаптаная сцежка між градак бегла ўніз, да рова, Агееў спаважна ішоў следам.

— Вы гэта, таварыш Агееў, думаю, не пакрыўдзіліся на нас? — не паварочваючы да яго галавы, запытаў Еўсцігнееў. — Ну, за праверачку! Ведаеце, сігнал быў, а сігналы мы далжны правяраць.

— Ды не, я нічога, — сказаў Агееў. — Яно панятна.

— Ну і добра. А то некаторыя, ведаеце, крыўдуюць. Крытыка, яна, ведаеце, асабліва для маласвядомых…

Агееў змоўчаў, іранічна падумаўшы, што ўсё ж вось не трапіў у разрад маласвядомых. І то добра.

— А нябожчык і да вас наведваўся? — між тым прадаўжаў Еўсцігнееў. — Наўродзе сябры былі…

— Ды так, знаеце…

— Ну, а мы тут з ім дзесяць гадоў… Яшчэ як я ваенкомам быў.

— Тут — ваенкомам? — перапытаў Агееў.

— На працягу раду гадоў, — з важнасцю ўдакладніў Еўсцігнееў. — Да выхаду ў адстаўку.

Яны перайшлі праз гарод і яшчэ раз адолелі плот — не дужа спрытна пераваліліся цераз яго верхнюю жардзіну — і апынуліся на ўзроўку. Невялічкі прыгорак-палянка з дробнай травой у цяні бухматага маладога дубка быў трохі ўтаптаны людскімі нагамі, але яшчэ меў выгляд наогул утульнага месца, адкуль адкрываўся нешырокі маляўнічы від на аўражныя зараснікі і другі, таксама густа парослы хмызняком схіл.

— Во і прысядзем. Цяпер тут добра. І нябожчык, кажысь, любіў сюды забягаць. З дружкамі, канечне, — з нязлосным папрокам гаварыў Еўсцігнееў, усаджваючыся на прытаптанай траве і з палёгкай выпростваючы караткаватыя, мабыць, не дужа здаровыя ногі ў туга забэрсаных чорных гамашах. Агееў прымасціўся праз тры крокі на ўзмежку.