Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 307

Васіль Быкаў

Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. Не тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай — яе бядой.

Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з’явіўся, даваў яму нейкае апраўданне — не перад Марыяй — перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.