Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 310

Васіль Быкаў

— Я, ці ведаеце, чалавек прамы. Як і паложана вайскоўцу. Не буду таіць — люблю парадак. А як жа інакш? Ва ўсім павінны быць дысцыпліна і арганізаванасць.

Акругліўшы белаватыя, трохі выпуклыя вочы, ён быццам з некаторым здзіўленнем агледзеў Агеева, і той паспяшаўся згадзіцца:

— Канечне, канечне…

— А ў нас яшчэ непарадкаў вялікае мноства. Асабліва на перыферыі. Во і нябожчык!.. Нядрэнны чалавек, ветэран і так далей… А парадку не прызнаваў.

— Во як?! — трохі фальшыва здзівіўся Агееў.

— Іменна! Піў.

— Але, ведаеце, цяпер гэта…

— Не, я не супраць. Не падумайце, што я адмаўляю наогул. Атнюдзь! Але і ў выпіўцы павінен быць нейкі парадак. Калі ў суботу, нядзелю… Калі свята якое або дзень нараджэння… Але калі пачаць кожны дзень…

— А ён што — кожны дзень?

— Іменна! І ніякай увагі на грамадскасць. Я ўжо не кажу пра гэты бандарны цэх, дзе ён працаваў. Там яны ўсе такія… Але я сам з ім бяседаваў, можа, разоў з дзесяць…

— І які ж вынік?

— А ніякага! — рашуча махнуў капелюшом Еўсцігнееў.

Цераз плот пералазіў ужо Хаміч з дзвюма бутэлькамі ў адцягнутых кішэнях штаноў. Лісліва ці, можа, вінавата ўхмыляючыся, ён паставіў бутэлькі на траву перад Еўсцігнеевым.

— Хаця вы і проціў, Еўсцігнеевіч, але…

— Я не проціў, — насупіўся адстаўны падпалкоўнік. — Цяпер ёсць прычына, значыць, палагаецца…

— Канечне, канечне, — таропка пагадзіўся Хаміч і звярнуўся да Агеева: — Нябожчык таксама не проціў быў. Колькі мы з ім тут прабяседавалі!..

— Ды і ты недалёка ад яго адышоўся, — строга перапыніў яго Еўсцігнееў.

— Што зробіш! Такая наша судзьба!

Усё таямніча ўсміхаючыся, Хаміч нецярпліва ашчаперыў бутэльку, вялікімі плоскімі пальцамі пачаў калупаць з рыльца бліскучы металічны каўпачок.

— Што яны перасталі са свінымі вушкамі выпускаць? — паскардзіўся ён. — А то пакуль скалупнеш гэтую бесказырку…

— Нічога, скалупнеш. Калі выпіць захочаш…

— Ды ўжо як-небудзь.

Тым часам праз гарод ужо рупна тупалі нізенькі вяртлявы брунет у сіняй з белымі палосамі на рукавах спартыўнай куртцы і даўгалыгі бландзін у шэрым гарнітуры і дзіўнаватым выразам хударлявага твару. Калі яны падышлі бліжэй, Агееў убачыў, што твар у бландзіна — на адзін бок, левая шчака была ўся зморшчаная, скура на падбароддзі туга напятая, і ўвесь твар нёс выраз спалоху або здзіўлення. Мужчыны прыйшлі пад дубок і селі побач з астатнімі — брунет каля Еўсцігнеева, а бландзін ля Агеева — выцяг у роў свае доўгія, у сандалетах, ногі і выняў з кішэні цыгарэты.

— Курыце?

— Не, дзякуй, — кіўнуў галавой Агееў.

— Ну, а мы закурым, — сказаў ён густым басам і азірнуўся. — Пакуль Жалудкоў закусь нясе.

Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.

— Во і закусон!

— Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, — звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.