Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 311

Васіль Быкаў

— Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! — абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.

— Знаеце, я не магу, — сумеўся Агееў.

— Ну, колькі можаце.

Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева — бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.

— Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!

Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.

— Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае… як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж…

— Не, там парадак! — зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. — Там не тое, што тут. Там як у войску!

— Тожа найшоў парадак! — усумніўся Хаміч.

— А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? — настырчыўся Еўсцігнееў.

— У мяне зяць прапаршчык. Начуўся…

— Не гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! — адрэзаў Еўсцігнееў. — У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.

— Ён ведае, — падміргнуў Агееву Жалудкоў. — Дваццаць пяць год адбахаў.

— Дваццаць восем, да вашага ведама. Год вайны лічыцца за два.

— На тваім месцы, Еўсцігнеіч, можна было і трыццаць. Ты ж у штабе сядзеў?

— Ну, у штабе! — падабраўся Еўсцігнееў. — А што думаеш, у штабе лёгка?

— Дужа цяжка, — з’едліва пацвердзіў Жалудкоў і нагнуўся па кавалак сялёдкі. — Паперы заелі.

— А думаеш, не? Колькі мне весці належала? Улік асабовага складу па пяці формах. Перамяшчэнне і перастаноўкі. Журнал беззваротных страт. Страявыя ведамасці. Загады! А матэрыял да ўзнагарод?

— Ага, спіна не разгіналася, — ранейшым тонам сказаў Жалудкоў, жуючы хлеб з селядцом.

— І што ж ты думаеш: было, тыднямі не разгінаўся, — усё гучней сказаў Еўсцігнееў. — У добрага работніка, які хоча выконваць усё, што паложана, заўжды плечы мокрыя. А я ніколі разгільдзяем не быў, можаш быць упэўнены.

Ён абвёў усіх запытальна-насцярожаным позіркам, трохі затрымаўся на Агееве, які з некаторай нават цікавасцю слухаў грубаватую размову гэтых, відаць, даўно і добра знаёмых між сабою людзей. Ён жа тут быў чалавек выпадковы і не спяшаўся судзіць каго ці апраўдваць — хацеў толькі паслухаць, каб зразумець кожнага. Яны выпілі і яшчэ, хаця на гэты раз Агееву ўжо не прапаноўвалі, і ён быў удзячны за тое: піць ён і сапраўды не мог, тым болей гарэлку. Мабыць, пакрыўджаны чымсь Еўсцігнееў расхваляваўся і гаварыў, ні да каго не звяртаючыся:

— Некаторыя думаюць, што толькі яны і ваявалі. Калі ён там лётчык, дык ужо і герой! Але ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чорным па белым напісана, што перамога здабыта сумеснымі высілкамі ўсіх радоў войск…

— Гэта мы чулі, — адмахнуўся Жалудкоў.

— Не, Еўсцігнеіч кажа праўду, — раптам уставіў паўнаваты брунет. — Мы гэта недаацэньваем.

— Што недаацэньваем? — раптам напяўся Жалудкоў. — Ты, Скараход, кім на вайне быў?