Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 308

Васіль Быкаў

Вось толькі якімі сродкамі?

Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца — на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй было зручней, а галоўнае, болей звыкла. Але ён яшчэ не рашыў, куды ісці, як раптам ад вуліцы пачуліся крокі — тупаценне многіх мужчынскіх ног па камянях падворка, пад клёнам матлянуўся доўгі і вузкі, бы нямецкі цясак, прамень з ліхтара. Гэты прамень затым ударыў праз аконнае шкло на кухню, рэзка высвеціў стол і прыкрыты на ім посуд, чорны цень ад яго лёг на аблезлую шпалеру сцяны. Агееў інстынктыўна падаўся да кладоўкі, але спыніўся і стаў. Дзверы ўжо расчыняліся, дыхнуўшы на яго вулічнай сцюжай, і два пукі электрычных прамянёў зусім асляпілі яго з парога.

— Во ён! І не хаваецца, сука!..

Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.

— Ах ты б…! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! — з лютасцю распараджаўся Драздзенка. — А гэтага — марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..

Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы…

Раздзел шосты

Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.

— Вас там просяць прыйсці, — яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.

— Хто просіць? — здзівіўся Агееў.

— Ну там, на памінкі.

— Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, — пацвердзіў Артур.

«Во як!» — трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.

— А дзе гэта?

— Ды тут, недалёка. Мы пакажам, — прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. — Ідзёмце…

Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.