Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 303

Васіль Быкаў

І ён чакаў, то захінаючыся ад ветру за варотамі ў хляве, то выходзячы на падворак, то спыняючыся пад дахам, — увесь у напружанай увазе, насцярожаны і чуйны да кожнага гуку ўначы. Але ноч выдалася надзвычай скупой на гукі, з мястэчка амаль нічога не было чуваць, а з рова ад могілак нядоўга даносіўся далёкі сабачы брэх, які неяк непрыкметна сам сабою змарнеў. І зноў ветраная цішыня запанавала ўначы.

Пад ранак ад доўгага стаяння пачала ныць параненая нага — набрыняла хваравітым цяжарам, і ён, намацаўшы ў хляве пустую дзежку, перакуліў яе на праходзе і сеў. Спаць яму не хацелася, цярплівае чаканне на зыходзе начы стала перапыняцца пакутнымі хвілінамі неспакою, цьмянай трывогай — чаму ж да яго не ідуць? Апроч таго, што ўзрыўчатка, мабыць жа, патрэбна была там, на станцыі, яна была немалой небяспекаю тут, на сядзібе. У выпадку, калі тут што западозраць, канечне ж, усё перавернуць і знойдуць; такую паклажу схаваць не проста. Хіба што закапаць на гародзе. Але гэта калі надоўга. А прыйсці маглі кожнай гадзіны дня і начы. Асабліва начы. Але во не ішлі. А можа, усё ж трэба было яе аднесці самому? Можа, цяпер там Малаковіч, як і ён тут, чакае ягонага прыходу і таксама не спіць усю ноч? Але як ён туды пойдзе? Ён нават не ведае, дзе тая станцыя, у якім баку. Ды і ці дойдзе ён з ношай, кульгавы, мала каму тут вядомы і таму для ўсіх чужы і падазроны…

Чорт ведае, што рабіць?

Калі пачаўся позні нясмелы світанак, ён зразумеў, што ноч мінулася марна, і пабудзіў Марыю.

— Пара. Пайшлі на гарышча.

— Што? Ужо раніца?.. А я так добра заснула, — гаварыла яна, падхопліваючыся на тапчане, і, уся разамлелая, яшчэ санлівая, абхапіла яго за шыю.

— Пойдзем на гарышча. Там даспіш, — сказаў ён шэптам, цалуючы яе рассыпаныя валасы.

— Ну, прыходзілі? Ты аддаў?

— Панімаеш, не прыйшоў ніхто. Не ведаю, што рабіць…

Яго трывожны клопат адразу перадаўся Марыі, тая прагнала з вачэй рэшту сну і, ускінуўшы тонкія рукі, хуценька прычасала кароткія валасы маленькім перламутравым грабяньком.

— Калі перадалі, дык, мабыць, прыйдуць, — спрабавала супакоіць яго Марыя.

Ён думаў таксама і хацеў верыць, што неўзабаве павінен нехта прыйсці. Праўда, як пачаўся світанак, упэўненасць яго аслабла, пачала мацней дапякаць трывога: напэўна, нешта там не зладзілася. Яны перайшлі на гарышча, паелі ўчарашняй бульбы. Зрэшты, Агееў амаль не еў, пасядзеў ля Марыі і зноў злез на кухню, выйшаў на двор.

Увесь той дзень да самага вечара ён не мог знайсці сабе месца і ўсё швэндаўся па падворку, стаяў пад страхой, сядзеў на кухні. Разы два ён схадзіў па сцежцы да рова, паўзіраўся ў яго мокрыя, непрытульныя зараснікі з рэштаю рудой лістоты на дрэвах. Але ў рове было глуха і пуста, як толькі там можа быць глыбокаю восенню, нідзе не было нікога, як не было нікога і на вуліцы, нават у суседзяў у дварах і гародах — пазнікалі ўсе, нібы ў прадчуванні хуткай бяды. Марыя, захінуўшыся ў кажушок, сядзела на коўдры і, як ён узлазіў на гарышча, трывожна ўзіралася ў яго. Агееў паныла кідаў: