Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 301

Васіль Быкаў

— Я так чакаў вас… Праходзьце… Можа, распранецеся.

— Не, — змораным голасам сказаў чалавек. — Няма калі. Тут вось вам… мыла. Перадаць на станцыю сказалі. Ведаеце — каму?

— Да? На станцыю? Мыла?..

Агееў памкнуўся сцяміць усё адразу, каб выразна зразумець сваю задачу, але, мабыць, чагосьці зразумець не мог. Можна было здагадацца, што перадаць трэба Малаковічу, але — мыла?.. Нашто таму мыла?

— Ну, я пайду, — тым часам сказаў чалавек, тупаючы ля парога ў шархоткім плашчы. — Чакаюць мяне.

— Што ж, дзякуй, — амаль расчулена сказаў Агееў, поўнячыся сваёй тайнай радасцю, што вось нарэшце ўспомнілі, даверылі, значыць, прэч падазронасць, сумненні, усё добра. А ён столькі перадумаў, перажыў, перахваляваўся…

Усё поўнячыся радасным ажыўленнем, ён праводзіў госця на двор, зірнуў на пустую вуліцу, якая патанала ўжо ў непагадзі вечаровага змроку. Госць накінуў на картуз капюшон і хутка пакрочыў па двары, цераз гарод да ўзроўка. Напэўна, недзе яго там чакалі. Агееў ні пра што не пытаўся болей (не было для таго ні часу, ні магчымасці), цяпер ён думаў, што наўрад ці мог гэты чалавек яму што сказаць. Відаць, быў ён проста сувязны, якому даручылі перадаць нешта, і ён перадаў. Пра што было гаварыць? Зрэшты, і без размовы сам факт гэтай перадачы сведчыў пра многае, і перш за ўсё пра давер да яго, Агеева. Вось толькі — мыла! Той раз дзіравы абутак, цяпер — мыла… Хаця магло так быць, што і абутак, і мыла былі ў адным ланцугу нейкай складанай залежнасці, пра якую яму не сказалі. Але, можа, так трэба. Ва ўсякім выпадку, цяпер ён быў рады, што доўгая няпэўнасць чакання засталася ззаду, яго жыццё тут зноў набывала сэнс, толькі б пашэнціла, не сарвацца на якой драбязе. Не ведаў ён і нават не думаў, што менавіта з гэтай сустрэчы і з гэтага мыла пачнецца для яго ланцуг самага цяжкога і самага страшнага, што будзе каштаваць яму крыві, здароўя, а ягоным сябрукам жыцця. Але што можа ведаць чалавек пра сваё будучае? Ён не часта задумваецца нават аб перажытым, і трэба час, каб зразумець мінулае, разабрацца, што ў ім на карысць, а што на шкоду. Усё тое нярэдка праяўляецца толькі праз гады ў сваіх няпэўных заблытаных сувязях і не заўжды зразумелых выніках.

Пакідаць торбу з мылам на кухні было рызыкоўна, і ён усцягнуў яе на гарышча. Гэты раз Марыя не спалохалася, яна ўжо сцяміла з размовы на кухні, хто да іх завітаў, і цяпер з цікаўнасцю пазірала, як ён нецярпліва разблытвае завязку на торбе. Развязаўшы яе, Агееў і сапраўды знайшоў там бязладна наваленыя брускі гаспадарчага мыла, ад якога, аднак, ішоў трохі іншы, чым ад мыла, пах, і ён выняў адзін брусок.

— Што гэта? Гэта мыла? — нецярпліва пыталася Марыя.

— Мыла, — сказаў ён проста, ужо зразумеўшы, якое гэта «мыла». У торбе ляжала дзесяткі два брыкетаў прасаванага толу, і ён сцяміў тады, навошта гэта спатрэбілася перадаць на станцыю.

— А навошта мыла? — дапытвалася Марыя. — Гэта на абмен? На продаж?

— Гэта трэба перадаць на станцыю, — скупа адказаў Агееў, не хочучы нічога болей тлумачыць Марыі. Ён па-ранейшаму не меў права адкрываць ёй свае падпольныя сакрэты, тым больш уцягваць яе ў свае нелегальныя справы.