Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 304

Васіль Быкаў

— Няма нікога…

Тады яна пачынала пытацца, хто там, на станцыі, і нашто мыла, але ён ужо не мог трываць тыя яе роспыты, яны яго пачыналі злаваць, і трэба было намаганне, каб схаваць тую яго злосць. Хвіліну пасядзеўшы на гарышчы, ён зноў злазіў уніз, паныла стаяў ля акна на кухні, зноў выходзіў на двор.

Так мінуў дзень, і зноў прыйшла ноч. Яны перабраліся ў застаронак. На гэты раз, спакутаваная ягонай трывогай, Марыя таксама не прылягла ні на хвіліну — стаяла на праходзе ў хляве, пакуль ён атупела хадзіў па двары. Калі ж ён паяўляўся ў варотах, пыталася: «Ну што? Няма нікога? Што ж нам рабіць?»

Што рабіць — ён таксама не ведаў, але па меры таго, як міналі цёмныя хвіліны ночы, усё мацнела яго нядобрая ўпэўненасць, што гэта — не выпадкова, штосьці там здарылася. Можа, якая мітрэнга, можа, схапілі каго, а можа… А можа, там, на станцыі, ужо адмовілі яму ў даверы і чакаюць. Чакаюць, як зробіць ён з толам, каму перадасць…

Як пачало днець, азяблы і спакутаваны сумненнямі ды марным чаканнем, ён увайшоў у хлеў і на праходзе сутыкнуўся з Марыяй. Тая нерухома ўгледзелася ў яго і нічога ўжо не пыталася — мусіць, сама разумела ўсё.

— Вось такія дзяла, — паныла сказаў ён, абы сказаць што-небудзь.

— А можа, трэба туды аднесці? Перадаць каму? — загаманіла Марыя.

— На станцыю?

— Ну, — сказала яна. — Гэта ж недалёка. Адразу за мястэчкам.

— Панімаеш, я нават не ведаю… Я ж там ніколі не быў.

— Давай я збегаю. Каму там аддаць, ты знаеш?

— Знаю. Толькі… панімаеш…

Ён абсалютна не ведаў, як аднесціся да гэтай яе гатоўнасці. Канечне, у нейкай ступені гэта было для яго выйсце, якое, аднак, нараджала і некалькі новых, таксама няпростых праблем, галоўнай з якіх была рызыка, што цяпер перакідвалася і на Марыю.

— А калі паліцыя? — сказаў ён.

— Ну і што — паліцыя? Толькі б на Драздзенку не нарвацца. А іншыя, што яны мне?

— Ой, ой, Марыя… Не, яшчэ пачакаем. Можа, хто ранкам прыйдзе. Усё ж ноччу каменданцкі час…

У халодным світальным тумане яны перабеглі мокрым дваром на кухню, Марыя палезла на гарышча, а Агееў застаўся ўнізе. У галаве яго ўсё гуло ад бяссоннай ночы, цела аслабла, думкі вяла і бязладна варушыліся вакол аднаго і таго ж у пошуках выйсця. Усе ягоныя намеры зблыталіся, ён не ведаў, як зрабіць лепей. Чакаць? Даверыцца часу? Выпадку? Ці ўзяць у дапамогу Марыю? Але ж Марыя — чалавек старонні, хіба ён мае права ўцягваць яе ў такую сур’ёзную і рызыкоўную справу? Але і самому брысці на станцыю?.. Усё ж на ім замыкалася некалькі ланцугоў сувязі, ці мог ён так легкадумна рызыкаваць сабой? І тым самым ставіць пад пагрозу гэтую не ім наладжаную сувязь? Разумней было б рызыкнуць кім-небудзь іншым — іншым заўжды рызыкаваць зручней, са зласцівай іроніяй падумаў Агееў. Але — Марыя… І ці разумее яна, ці здагадваецца, якое «мыла» ў гэтай торбіне? І ці можна яму ўсё ёй патлумачыць, ці не лепш, каб у такой сітуацыі яна нічога не ведала.